25 верасня, Астана /Кар. БЕЛТА/. У Астане адкрыўся Міжнародны прамысловы форум "ІНАПРАМ. Казахстан", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На выстаўку прыбылі кіраўнікі ўрадаў Казахстана, Беларусі, Расіі і Кыргызстана.
Выстаўка праводзіцца ў Казахстане ўпершыню. Экспазіцыі размясціліся ў Міжнародным выставачным цэнтры "ЭКСПА" ў Астане. Форум будзе праходзіць з 25 па 27 верасня. Агульная плошча выставачнай экспазіцыі ў павільёне - 11,8 тыс. кв.м, вулічная экспазіцыя (для дэманстрацыі тэхнікі) - 6 тыс. кв.м.
У ліку ўдзельнікаў міжнароднай выстаўкі і Беларусь. Як расказаў старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў на выстаўцы сваю прадукцыю і тэхналогіі прадстаўляюць 32 беларускія прадпрыемствы, плануецца падпісанне 14 камерцыйных дакументаў на суму амаль $40 млн.
"Гэта мы гаворым аб тых кантрактах, якія будуць заключаны дзякуючы раней дасягнутым дамоўленасцям, а вось новыя сустрэчы, якія пачынаюцца на "ІНАПРАМ. Казахстан" - гэта добры зачын у скарбонку будучых кантрактаў", - адзначыў Міхаіл Мятлікаў.
Нацыянальная экспазіцыя Беларусі размясцілася на плошчы 742 кв.м (210 кв.м - у павільёне, 532 кв.м - на вулічнай пляцоўцы). У ліку прадпрыемстваў, якія прадставяць сваю прадукцыю і тэхналогіі - падпарадкаваныя арганізацыі Мінпрама: МАЗ, Белкамунмаш, Гомсельмаш, Магілёўліфтмаш, БАТЭ, БМЗ, Мінскі электратэхнічны завод, Атлант, Гарызонт, Інтэграл.
Таксама ў Астане прысутнічаюць арганізацыі і ўстановы НАН Беларусі, ДКНТ і Мінадукацыі (аб'яднаны стэнд: прыборабудаўнічы завод Аптрон, Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка, Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі, Мінскі навукова-даследчы інстытут радыёматэрыялаў, Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы, Цэнтр сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі, БДУ, БДТУ і БДУІР). У ліку ўдзельнікаў беларускай экспазіцыі таксама і прадпрыемствы канцэрна "Беллегпрам".
На выстаўцы "ІНАПРАМ. Казахстан" свае экспазіцыі прадстаўляюць 4 краіны: арганізатары Казахстан і Расія, госці - Арменія і Беларусь. Чакаецца, што міжнародны прамысловы форум наведаюць бізнес-дэлегацыі з 20 краін свету.
У 2025 годзе, як раней заявіў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў, Міжнародная прамысловая выстаўка "ІНАПРАМ" пройдзе ў Мінску.