26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У 2023 годзе склад СЭЗ "Мінск" папоўніўся 8 новымі рэзідэнтамі з агульным аб'ёмам заяўленых інвестыцый больш як $18 млн. Аб гэтым у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў кіраўнік адміністрацыі СЭЗ "Мінск" Анатоль Бубен.
"Сёння на тэрыторыі СЭЗ "Мінск" працуюць 105 прадпрыемстваў. Асноўныя напрамкі дзейнасці рэзідэнтаў - машынабудаванне, мікраэлектроніка, радыёэлектроніка, металаапрацоўка, фармацэўтычная прамысловасць, дрэваапрацоўка, хімічная прамысловасць, паліграфія і ўпакоўка, вытворчасць кабельнай прадукцыі і інавацыйныя віды сельскагаспадарчай тэхнікі і інш.", - сказаў Анатоль Бубен.
Паводле яго слоў, у мінулым годзе склад СЭЗ "Мінск" папоўніўся 8 новымі рэзідэнтамі з агульным аб'ёмам заяўленых інвестыцый больш як $18 млн, з іх доля замежных інвестыцый складае каля 11 працэнтаў. Рэзідэнтамі дадаткова будзе створана больш за 360 рабочых месцаў.
"У 2024 годзе мы ўжо зарэгістравалі ў якасці рэзідэнтаў чатыры кампаніі. Гэта прадпрыемствы, якія рэалізуюць інвестпраекты па вытворчасці сродкаў санітарна-гігіенічнага прызначэння, зарадных станцый для электрамабіляў, ліста з гарачакачанага рулона, таксама ў Мінскай вобласці будзе пабудаваны завод па вытворчасці металічных труб і механічнай апрацоўцы вырабаў з металу", - паведаміў кіраўнік адміністрацыі СЭЗ "Мінск".