23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі тыдзень прадпрымальніцтва праходзіць у Беларусі з 23 па 27 кастрычніка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэканомікі.
Тыдзень стартуе з правядзення прамой тэлефоннай лініі, якая будзе ісці з 10.00 да 12.00. На пытанні адкажуць прадстаўнікі Міністэрства эканомікі, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, аблвыканкамаў, райвыканкамаў, цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва і іншых суб'ектаў інфраструктуры падтрымкі МСП, бізнес-асацыяцый, прадпрымальніцкіх саюзаў. Кантактныя тэлефоны ўдзельнікаў прамой тэлефоннай лініі размешчаны на сайце Мінэканомікі.
Форум, прысвечаны адкрыццю Беларускага тыдня прадпрымальніцтва, адбудзецца 24 кастрычніка ў Мінску. На мерапрыемстве пройдзе пленарнае пасяджэнне "Бізнес Рэспублікі Беларусь ва ўмовах глабальных эканамічных выклікаў", а таксама ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу на стварэнне лагатыпа і іміджавага слогана Беларускага тыдня прадпрымальніцтва і форум-секцыі.
25 кастрычніка ў Магілёве адкрыецца міжнародны кааперацыйны форум па імпартазамяшчэнні "Зроблена ў Расіі".
Урачыстая цырымонія закрыцця Беларускага тыдня прадпрымальніцтва пройдзе 27 кастрычніка ў Мінску. У рамках закрыцця адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў і лаўрэатаў конкурсу "Імпартазамяшчэнне".
Праграма тыдня прадугледжвае правядзенне вялікай колькасці сустрэч, перагавораў і дыялогавых пляцовак па ўсіх актуальных пытаннях. Чакаецца, што ўдзел у іх прымуць прадстаўнікі дзяржорганаў, бізнесу і аб'яднанняў прадпрымальнікаў, суб'екты інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва, навукі, адукацыі, маладзёжных аб'яднанняў і грамадзяне, зацікаўленыя ў адкрыцці ўласнай справы.