22 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Турэцкія інвестары зацікаўлены ў запуску ў Беларусі вытворчасці ў сферы хімічнай прамысловасці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе СЭЗ "Мінск".
Перспектыўныя бізнес-праекты і актуальныя пытанні супрацоўніцтва ў ходзе дзелавой сустрэчы ў Мінску абмеркавалі кіраўнік адміністрацыі СЭЗ "Мінск" Анатоль Бубен і прэзідэнт Асацыяцыі незалежных прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў MUSIAD Беларусь Мікаіл Чалышкан.
Турэцкі бок зацікаўлены запусціць у Беларусі вытворчасць у сферы хімічнай прамысловасці, а таксама гатовы разгледзець іншыя напрамкі вядзення бізнесу. У сваю чаргу Анатоль Бубен прадставіў магчымасць работы ў свабоднай эканамічнай зоне і адзначыў максімальна камфортныя ўмовы для вядзення бізнесу ў сталічным рэгіёне.
Асацыяцыя MUSIAD налічвае 165 прадстаўніцтваў. У арганізацыю ўваходзяць больш як 60 тыс. турэцкіх кампаній, якія імкнуцца да асваення новых рынкаў і супрацоўніцтва ў галіне гандлю, прамысловасці, фінансаў і інвестыцый.
У прэс-службе адзначылі, што ў рамках міжнароднай выстаўкі MUSIAD EXPO на беларуска-турэцкім інвестыцыйным форуме, які прайшоў у Стамбуле 5 лістапада мінулага года, Адміністрацыя СЭЗ "Мінск" і Асацыяцыя MUSIAD падпісалі мемарандум. Дакумент накіраваны на пашырэнне і развіццё двухбаковага гандлёвага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.