15 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Турэцкі авіяперавозчык Southwind Airlines пачынае рэгулярныя палёты па маршруце Стамбул - Мінск - Стамбул. Старт палётнай праграмы плануецца на 22 снежня бягучага года, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Нацыянальнага аэрапорта Мінск.
Чакаецца, што час у дарозе складзе 3 гадзіны 45 мінут. Білеты ў продажы на афіцыйным сайце авіякампаніі.
Southwind Airlines - новы партнёр Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Авіякампанія ўпершыню прыходзіць на беларускі рынак. У рэгулярнай маршрутнай сетцы авіяперавозчыка Мінск стане першым міжнародным напрамкам са Стамбула.
Турэцкі авіяперавозчык Southwind Airlines базіруецца ў аэрапорце Антальі. Авіякампанія створана ў 2022 годзе. Гэта самы малады ўдзельнік турэцкага рынку грамадзянскіх перавозак, дадалі ў прэс-службе.