17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тураўскі малочны камбінат стаў лаўрэатам ганаровай Усерасійскай галіновай прэміі "Імпартазамяшчэнне-2016". Аб гэтым паведаміла БЕЛТА пачальнік службы развіцця і маркетынгу прадпрыемства Наталля Чэрнік.
"Высокая якасць прадукцыі камбіната адзначана дыпломам і ўзнагародай "Імпартазамяшчэнне-2016", а таксама атрыманы нацыянальны знак якасці "Выбар Расіі" і спецыяльны сертыфікат, які дае магчымасць наносіць спецыяльную маркіроўку на прадукцыю", - адзначыла Наталля Чэрнік.
Паводле яе слоў, прэмія заснавана для выяўлення і прызнання заслуг прадпрыемстваў, якія дзейнічаюць у імпартазамяшчальных галінах народнай гаспадаркі Расіі, і праводзіцца ў рамках 44-й цырымоніі грамадскага прызнання "Эліта нацыянальнай эканомікі". У гэтым годзе ў лік прэтэндэнтаў на атрыманне такой важкай узнагароды ўвайшло 80 прадпрыемстваў. Адбор прэтэндэнтаў на Усерасійскую галіновую прэмію ажыццяўляўся шляхам аналітычнага даследавання, праводзімага на падставе даных Расстата, даведніка Адміністрацыі прэзідэнта Расіі, рэйтынгавых агенцтваў і іншых адкрытых крыніц інфармацыі.
"Узнагарода служыць высокім прызнаннем вынікаў нашай работы. З пачатку 2016 года ў Расію было экспартавана каля 5,5 тыс. т сыроў Bonfesto. У рамках работы па фарміраванні гандлёвых каналаў і рэалізацыі стратэгіі экспартных продажаў наладжаны трывалыя партнёрскія ўзаемаадносіны з буйнымі дыстрыб'ютарскімі кампаніямі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу і Калінінградзе. Сыры Тураўскага малочнага камбіната шырока прадстаўлены на паліцах буйнейшых федэральных і рэгіянальных гандлёвых сетак", - сказала Наталля Чэрнік.
Акрамя таго, Тураўскі малочны камбінат стаў калектыўным членам фонду садзейнічання развіццю прадпрымальніцтва Расіі і ўнесены ў рэестр надзейных пастаўшчыкоў гэтай краіны. "Рынак Расіі з'яўляецца для нас стратэгічна важным. Сёння ў структуры экспартных продажаў доля паставак на расійскі рынак складае каля 95 працэнтаў, таму статус надзейнага пастаўшчыка мае велізарнае значэнне", - падкрэсліла начальнік службы развіцця і маркетынгу.