1 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны банк Беларусі і Цэнтральны банк Расіі заключылі пагадненне аб узаемадзеянні па пытанні процідзеяння камп'ютарным атакам, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка па выніках чарговага пасяджэння Міжбанкаўскага валютнага савета цэнтральных банкаў дзвюх краін, праведзенага 29 верасня ў Грозным.
Подпісы пад дакументам паставілі старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур і старшыня Цэнтральнага банка Расіі Эльвіра Набіуліна.
Пагадненне вызначае асноўныя формы і парадак двухбаковага ўзаемадзеяння па пытаннях папярэджання, выяўлення і спынення камп'ютарных атак і накіравана на павышэнне ўзроўню інфармацыйнай бяспекі цэнтральных банкаў Беларусі і Расіі.
Больш падрабязна гэтыя пытанні будуць выкладзены ў праграме арганізацыі і развіцця ўзаемадзеяння па пытаннях процідзеяння камп'ютарным атакам, накіраваным на аб'екты крэдытна-фінансавай сферы, і процідзеяння махлярству з выкарыстаннем электронных плацежных сродкаў. Праграму цяпер распрацоўваюць спецыялісты цэнтральных банкаў дзвюх краін. На праведзенай сустрэчы члены Міжбанкаўскага валютнага савета абмеркавалі ход распрацоўкі праекта праграмы і ўзгаднілі далейшыя дзеянні па падрыхтоўцы гэтага дакумента.
Удзельнікі пасяджэння Міжбанкаўскага валютнага савета таксама абмяняліся інфармацыяй аб бягучай эканамічнай сітуацыі і ходзе рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі ў Беларусі і Расіі ў 2018 годзе, важнейшых параметрах Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі і Асноўных напрамкаў адзінай дзяржаўнай грашова-крэдытнай палітыкі РФ на 2019 год, абмеркавалі меры па ўдасканаленні валютнага заканадаўства і дэдаларызацыі эканомік дзвюх краін, а таксама бягучы стан і плануемыя рэформы інстытута крэдытных гісторый у Беларусі і Расіі.
Міжбанкаўскі валютны савет Нацбанка Беларусі і Цэнтральнага банка РФ створаны ў лістападзе 1999 года. Асноўнымі задачамі савета з'яўляюцца падрыхтоўка міждзяржаўных пагадненняў у галіне банкаўскай дзейнасці, уніфікацыя нарматыўна-рэгулятыўнай базы фінансавай і банкаўскай сфер для стварэння аднолькавых умоў суб'ектам гаспадарання дзвюх краін, падрыхтоўка рэкаменацый па распрацоўцы і рэалізацыі каардынаванай грашова-крэдытнай і валютнай палітыкі.