11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Трэці форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі плануецца правесці з 6 па 10 чэрвеня 2016 года ў Мінску. Такая інфармацыя была агучана сёння на пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні форуму ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пры гэтым намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатоль Русецкі адзначыў: "Вельмі важна, каб гэта было не кабінетнае мерапрыемства, а праходзіла шырока ў нас у краіне". Форум будзе прысвечаны рэалізацыі ўзгодненай сацыяльнай палітыкі Саюзнай дзяржавы. Плануецца, што будуць абмяркоўвацца такія тэмы, як работа СМІ дзвюх краін, ахова здароўя, маладзёжная палітыка, сацыяльная абарона і г.д.
Анатоль Русецкі нагадаў, што папярэдні форум быў прысвечаны прамысловай палітыцы і прайшоў у Сочы 17-18 верасня 2015 года. У ім прынялі ўдзел кіраўнікі абедзвюх дзяржаў. Пры гэтым на форум прыехалі прадстаўнікі больш як 50 расійскіх рэгіёнаў і ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Падпісана 19 пагадненняў, заключаны кантракты на больш як $250 млн.
У прыватнасці, Інстытут мікрабіялогіі НАН Беларусі падпісаў пагадненні з Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установай "Расійскі сельскагаспадарчы цэнтр Міністэрства сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі", ТАА "Аграфермент" і Усерасійскім навукова-даследчым інстытутам біятэхнічнай аховы раслін. Пагадненні аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве ў галіне распрацоўкі і рэалізацыі сумесных праектаў з Данскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам падпісалі вышэйшыя навучальныя ўстановы: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны інстытут інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт і "Палітэхнік" БНТУ.