15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тавараабарот паміж Мінскай вобласцю і Іранам у мінулым годзе ў параўнанні з 2021-м вырас у 10,5 раза. Аб гэтым журналістам паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь Саід Яры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын сустрэўся з паслом Ірана ў Беларусі Саідам Яры. Як адзначыў губернатар, узаемадзеянне паміж Беларуссю і Іранам знаходзіцца на высокім узроўні. Працяглы час ужо і Іран, і Беларусь знаходзяцца пад уздзеяннем санкцый. Тым не менш, дадаў Аляксандр Турчын, вопыт функцыянавання беларускай і іранскай эканомік паказвае, што сумесна можна паспяхова процістаяць санкцыйнаму націску.
Як адзначыў пасол Ірана, у мінулым годзе ў параўнанні з 2021-м тавараабарот паміж Беларуссю і Іранам павялічыўся ў тры разы. Што датычыцца тавараабароту паміж Мінскай вобласцю і Іранам, то ў мінулым годзе ў параўнанні з 2021-м ён вырас у 10,5 раза. "Упэўнены, у бліжэйшыя гады ён вырасце яшчэ ў некалькі разоў. Адпаведныя пагадненні ў гэтым напрамку ўжо распрацаваны. Мы спадзяёмся, што ў бліжэйшы час мы зможам падпісаць новыя дакументы, якія дадуць магчымасць і далей развіваць нашы адносіны", - сказаў Саід Яры.
Пасол Ірана адзначыў, што павышэнне тавараабароту паміж Мінскай вобласцю і Тэгеранам стала магчымым дзякуючы рабоце Мінаблвыканкама, Тэгерана і пасольства. "У Мінскай вобласці рэалізуецца некалькі паспяховых іранскіх праектаў. Можна адзначыць такія праекты, як "АФТАБ", праект па вытворчасці фарбы "Бел Пека Пэйнт" і праект па авечкагадоўлі "Істэрн Шып". У далейшым мы бачым вялікія перспектывы для развіцця адносін паміж цэнтральным рэгіёнам Беларусі і Тэгеранам", - дадаў Саід Яры.