15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ацэнкі сусветных рэйтынгавых агенцтваў могуць паўплываць на прывабнасць беларускай эканомікі для міжнародных інвестараў, але на асноўных партнёраў краіны – Расію і Кітай – вялікага эфекту не акажуць. Упэўненасць у гэтым выказаў у эфіры тэлеканала “Беларусь 1” дырэктар Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Васіль Гурскі, паведамляе БЕЛТА.
Эканомікам свету ў гэтым годзе няпроста выходзіць з зацяжной паўзы, тым больш некаторыя краіны спынялі вытворчасці. “У Рэспубліцы Беларусь таксама ёсць пэўныя складанасці. Як вядома, за 2020 год тэмп росту ВУП склаў 99,1 працэнта. Па сутнасці, у нас ёсць эканамічны спад, - адзначыў Васіль Гурскі. – Аднак я ўстрымаўся б ад крытычных ацэнак. Калі ацаніць страты, якія панеслі іншыя краіны ў мінулым годзе, то мы ўбачым, што ў цэлым сусветная эканоміка ўпала на 4,3 працэнта. Развітыя краіны – на 5,6 працэнта. Калі гаварыць па Еўрасаюзе, то гэта 7,8 працэнта”.
На думку вучонага, дынаміка эканамічнага развіцця Беларусі і цяпер, і ў далейшым залежыць ад стану краін-партнёраў. Неспрыяльная міжнародная кан’юнктура рынку ў мінулым годзе прывяла да істотнага зніжэння паказчыкаў экспарту прадукцыі (у асноўным з-за зніжэння цэн на нафту). “Але ў пачатку 2021 года адбываецца адваротная сітуацыя – і наш экспарт істотна вырас: за студзень гэта больш за 19 працэнтаў, каля $2,4 млрд. Асноўныя пазіцыі – гэта нафтапрадукты, прадукцыя харчовай прамысловасці. Менавіта збалансаванасць нашай эканомікі дае магчымасць нам даволі ўстойліва адчуваць сябе ў перыяд міжнародных эканамічных крызісаў", - сказаў Васіль Гурскі.
У той жа час некаторыя вялікія рэйтынгавыя агенцтвы панізілі пазіцыі Беларусі як прыдатнай для інвестыцый эканомікі. “У многім ацэнкі міжнародных рэйтынгавых агенцтваў маюць суб’ектыўны характар. Вядома, што многім у свеце не падабаецца наша незалежная пазіцыя – як адносна антыкавідных мер, так і адносна многіх іншых, эканамічных стратэгій. На жаль, гэтыя рэйтынгі сур’ёзна ўспрымаюць інвестары. І ацэнкі міжнародных рэйтынгавых агенцтваў могуць значна паўплываць на прывабнасць той ці іншай краіны для міжнародных інвестараў. У той жа час нашы асноўныя інвестары – Расійская Федэрацыя, Кітай, якія не так моцна звяртаюць увагу на міжнародныя рэйтынгі, таму што было шмат выпадкаў, калі яны самі цярпелі ад гэтай суб’ектыўнай пазіцыі заходніх рэйтынгавых агенцтваў”, - падкрэсліў Васіль Гурскі.
Ён здзіўлены тым, што заходнія партнёры звяртаюць вельмі пільную ўвагу на дзярждоўг Беларусі. “Нават наш сукупны знешні доўг не перасягае 60 працэнтаў ВУП, у той час як, дапусцім, у ЗША гэта больш за 100 працэнтаў ВУП, у Іспаніі таксама больш за 100 працэнтаў, у Японіі зусім амаль 250 працэнтаў. Інакш кажучы, калі мы гаворым пра вялікі знешні дзярждоўг, то неабходна супастаўляць велічыні. У цэлым, Рэспубліка Беларусь заўсёды адказна падыходзіла да забеспячэння свайго знешняга доўгу і расплачвалася па бягучых плацяжах. Гаварыць тут пра дэфолт, мне здаецца, некарэктна. Ёсць шмат еўрапейскіх краін, у якіх праблемы са знешнім доўгам значна большыя, але на іх не звяртаюць увагі”, - лічыць вучоны.