11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сусветны банк захаваў прагноз па росце ВУП Беларусі ў 2017 годзе. Аб гэтым гаворыцца ў дакладзе "Перспектывы глабальнай эканомікі", апублікаваным на сайце банка, паведамляе БЕЛТА.
Згодна з дакладам, у 2016 годзе эксперты чакаюць зніжэння ВУП на 0,5 працэнта. У 2017 і 2018 гадах чакаецца аднаўленне росту ВУП на 1 працэнт штогод (такія ж тэмпы росту эксперты Сусветнага банка агучылі ў лістападзе 2015 года на прэзентацыі эканамічнага агляду па Беларусі. - Заўвага БЕЛТА). Пры гэтым у дакладзе адзначаецца, што ў выпадку стабілізацыі цэн на сыравінныя тавары ў 2016 годзе магчыма ўмеранае аднаўленне росту ва ўсходняй частцы рэгіёна, што ўключае краіны Усходняй Еўропы, Паўднёвага Закаўказзя і Цэнтральнай Азіі.
Сусветны банк таксама прагназуе паляпшэнне ў 2016 годзе эканамічнай сітуацыі ў Расіі і Украіне. Мяркуецца, што ў 2016 годзе тэмпы эканамічнага росту ў краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі павысяцца да 3 працэнтаў у параўнанні з 2,1 працэнта ў мінулым годзе: тэмпы зніжэння цэн на нафту запаволяцца або стабілізуюцца, становішча ў эканоміцы Расіі палепшыцца, а ў эканоміцы Украіны адбудзецца ажыўленне. У эканоміцы заходняй часткі рэгіёна, якая ўключае ў сябе Балгарыю, Румынію, Турцыю і Заходнія Балканы, у 2016 годзе павінен мець месца ўмераны эканамічны рост, які будзе падтрымлівацца ажыўленнем эканомікі краін зоны еўра.
Паводле даных Сусветнага банка, на тэмпы росту глабальнай эканомікі ў 2016 годзе будзе ўплываць слабы эканамічны рост у буйнейшых краінах з рынкам, які фарміруецца. Аднак у гэтым годзе сусветная эканоміка ўсё ж вырасце на 2,9 працэнта (у 2015-м чакаўся рост на 2,4 працэнта).