14 студзеня, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Сусветны банк прагназуе рост ВУП Беларусі ў 2015 годзе на 1,8 працэнта. Такія даныя прыводзяцца ў дакладзе СБ "Глабальныя эканамічныя перспектывы", паведамляе БЕЛТА.
Такім чынам, Сусветны банк пацвердзіў дадзены ў лістападзе 2014 года прагноз тэмпаў росту беларускай эканомікі на бягучы год.
У 2016 годзе беларускі ВУП павінен павялічыцца на 2 працэнты, такі ж рост ён прадэманструе і ў 2017 годзе, упэўнены эксперты Сусветнага банка.
Што датычыцца партнёраў Беларусі па ЕАЭС, то, напрыклад, Казахстану на 2015 год Сусветны банк таксама прагназуе рост ВУП 1,8 працэнта. Расія, на думку экспертаў банка, можа пайсці ў мінус 2,9 працэнта. ВУП Арменіі ў бягучым годзе, паводле прагнозаў СБ, павялічыцца на 3,3 працэнта.
Эксперты Сусветнага банка адзначаюць, што глабальныя эканамічныя перспектывы ў 2015 годзе палепшацца, але рознанакіраваныя тэндэнцыі заключаюць у сабе паніжальныя рызыкі. Яны звязаны з некалькімі фактарамі: устойлівай слабасцю глабальнага гандлю, магчымай валацільнасцю фінансавых рынкаў, выкліканай тым, што працэнтныя стаўкі ў краінах з буйной эканомікай павышаюцца ў розныя тэрміны. Многае залежыць ад таго, у якой ступені нізкія цэны на нафту могуць выклікаць напружанасць балансаў нафтаздабыўных краін. Яшчэ адзін фактар - рызыка працяглага перыяду стагнацыі або дэфляцыі ў еўразоне або Японіі.