26 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сусветная турысцкая арганізацыя пазітыўна ацэньвае намаганні Беларусі па развіцці турызму, заявіў намеснік генеральнага сакратара гэтай арганізацыі Хаймэ Альберта Кабаль Санклементэ 25 сакавіка на сустрэчы з паслом Беларусі ў Іспаніі, Пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Сусветнай турысцкай арганізацыі Паўлам Пуставым, паведамілі БЕЛТА ў беларускай дыпмісіі ў Іспаніі.
Бакі канстатавалі канструктыўны характар адносін па лініі "Беларусь - Сусветная турысцкая арганізацыя".
Павел Пуставой звярнуў увагу на меры, якія прыняты ўжо ў Беларусі для прыцягнення замежных турыстаў. Сярод іх - увядзенне і паспяховае функцыянаванне 30-дзённага бязвізавага рэжыму знаходжання ў краіне, лібералізацыя візавай палітыкі, магчымасць бязвізавага ўезду ў Беларусь для ўдзельнікаў і гасцей II Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня.
"Хаймэ Альберта Кабаль Санклементэ ў сваю чаргу пазітыўна ацаніў намаганні Беларусі па развіцці турызму, а таксама выказаў упэўненасць у тым, што прысутнасць Пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры Сусветнай турысцкай арганізацыі з рэзідэнцыяй у Мадрыдзе дасць новы імпульс для развіцця адносін паміж нашай краінай і гэтай арганізацыяй, - праінфармавалі ў пасольстве. - Сярод асноўных напрамкаў дзейнасці Сусветнай турысцкай арганізацыі на бліжэйшы час намеснік генсакратара назваў інавацыйныя тэхналогіі ў турызме, распрацоўку новых адукацыйных праграм, далейшае заахвочванне краін - удзельніц арганізацыі да лібералізацыі візавай палітыкі".