26 лістапада, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Восьмая сустрэча гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Расіі адбудзецца 27 лістапада ў Падольску Маскоўскай вобласці. Аб гэтым БЕЛТА паведаміў старшыня Беларускай грамадскай арганізацыі "Пародненыя гарады", член Савета Рэспублікі Барыс Батура, які ўзначальвае беларускую дэлегацыю.
Тэма чарговай сустрэчы - узаемадзеянне гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Расіі для развіцця эканамічных, інвестыцыйных, інавацыйных і сацыяльных праектаў у Еўразійскім эканамічным саюзе. Як чакаецца, у мерапрыемстве прымуць удзел каля 200 прадстаўнікоў беларускіх і расійскіх гарадоў. Плануецца ўдзел прэзідэнта міжнароднай асацыяцыі "Пародненыя гарады", губернатара Маскоўскай вобласці Андрэя Вараб'ёва, кіраўнікоў дыпламатычных місій Беларусі і Расіі.
Беларуская грамадская арганізацыя "Пародненыя гарады" створана ў 1995 годзе і існуе ў рамках Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. Цяпер 32 гарады Беларусі пароднены з 335 гарадамі 35 краін свету.