26 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей сустрэўся з кіраўніком прадстаўніцтва Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) у Беларусі Аляксандрам Піваварскім. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС.
На сустрэчы міністр падкрэсліў стратэгічны характар супрацоўніцтва Беларусі з ЕБРР, высокі ўзровень двухбаковых кантактаў з кіраўніцтвам банка, а таксама запэўніў у падтрымцы беларускім бокам сумесных узаемавыгадных ініцыятыў у розных сферах эканомікі.
Бакі абмеркавалі таксама ход рэалізацыі ключавых праектаў Беларусі з ЕБРР, уключаючы праекты па мадэрнізацыі інфраструктуры, прыцягненні стратэгічных інвестараў на айчынныя прадпрыемствы рэальнага сектара і ў дзяржаўныя банкі, удасканаленні сістэмы кіравання прадпрыемствамі і павышэнні інвестыцыйнай прывабнасці краіны.