6 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства па вытворчасці дызельных рухавікоў можа быць створана ў індустрыяльным парку "Вялікі камень". Гэта тэма абмяркоўвалася 5 студзеня ў Пекіне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Кітаі.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам карпарацыі "Вэйчай" Сюй Хунам і віцэ-прэзідэнтам "Вэйчай Інтэрнэшнл" Ланам Хуа, з іншымі супрацоўнікамі кампаніі, якія займаюцца пытаннямі рэалізацыі сумесных праектаў у Беларусі.
На сустрэчы разгледжаны актуальныя пытанні супрацоўніцтва паміж групай кампаній "Вэйчай" і ААТ "МАЗ" па стварэнні сумеснага прадпрыемства па вытворчасці дызельных рухавікоў у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень".