12 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларуская дэлегацыя на чале з віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам 12-14 красавіка наведвае Краснаярскі край, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе пасольства Беларусі ў Расіі.
У складзе дэлегацыі - намеснік міністра прамысловасці Аляксандр Агароднікаў, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун, службовыя асобы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і падведамных прадпрыемстваў.
Праграмай візіту прадугледжваецца сустрэча Уладзіміра Сямашкі з часова выконваючым абавязкі губернатара Краснаярскага края Аляксандрам Усам, правядзенне сумеснага пасяджэння рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі з Краснаярскім краем, а таксама двухбаковых сустрэч з прадстаўнікамі выканаўчай улады і дзелавых колаў рэгіёна.
Беларуская дэлегацыя наведала ТАА "Аўтаспецмаш", ТАА "ГД Беларускі", ТАА "Краснаярск-БелазСэрвіс" і шэраг іншых прадпрыемстваў і ўстаноў. "На сустрэчах з іх кіраўніцтвам абмяркоўваліся магчымасці стварэння сумесных зборачных вытворчасцей і прадпрыемстваў, перспектывы нарошчвання аб'ёмаў экспарту беларускай прамысловай прадукцыі", - адзначылі ў пасольстве.
У 2017 годзе тавараабарот Беларусі з Краснаярскім краем склаў $72,7 млн, павялічыўшыся ў параўнанні з 2016 годам на 15,8 працэнта. Беларускі экспарт склаў $55,3 млн (рост на 12,4 працэнта), імпарт - $17,4 млн (рост на 28,4 працэнта). Сальда дадатнае - $37,9 млн. У аснове экспарту - пастаўкі грузавых аўтамабіляў; спецыфічных тавараў; пультаў, панэлей, сталоў для электрычнай апаратуры; шын; соладу; частак і прылад
для аўтамабіляў і трактароў; малочнай сыроваткі. У аснове імпарту - пастаўкі спецыфічных тавараў; алюмініевага дроту; шкіпінару і масла з драўніны хвойных парод; каніфолі, смаляных кіслот і іх вытворных. У студзені-лютым 2018 года рост тавараабароту склаў 25,6 працэнта.