12 кастрычніка, Астравец /Кар. БЕЛТА/. Стрэс-тэсты паказалі ўстойлівасць БелАЭС да экстрэмальных уздзеянняў, заявіў сёння журналістам галоўны інжынер РУП "Беларуская АЭС" Анатоль Бондар, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Стрэс-тэсты праводзяцца на ўсіх атамных электрастанцыях пасля фукусімскіх падзей, каб ацаніць устойлівасць да экстрэмальных уздзеянняў. "Праведзеныя стрэс-тэсты на БелАЭС паказалі, што не патрэбна карэкціроўка ў плане кардынальных дапрацовак і ўдасканалення", - сказаў Анатоль Бондар.
Беларусь перадасць Еўракамісіі нацыянальны даклад па выніках стрэс-тэстаў на БелАЭС да канца бягучага месяца. У разглядзе вынікаў стрэс-тэстаў прымуць удзел у якасці экспертаў прадстаўнікі рэгулюючых органаў у галіне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі еўрапейскіх краін.
Стрэс-тэсты на Беларускай АЭС праведзены ў
2016 годзе па еўрапейскай методыцы з улікам рэкамендацый, заснаваных на распрацаваных Еўракамісіяй і Еўрапейскай групай рэгулятараў ядзернай бяспекі спецыфікацыях. Яны заключаюцца ў праверцы экстрэмальных уздзеянняў і адаптацыі АЭС на выпадак надзвычайных сітуацый. У час стрэс-тэстаў праводзяцца работы па ацэнцы бяспекі АЭС пры ўзнікненні экстрэмальных знешніх уздзеянняў, прагназуюцца наступствы такіх прыродных фактараў, як спалучэнні затаплення, экстрэмальных умоў надвор'я і знешніх уздзеянняў, наступствы страты функцый бяспекі, выкліканыя збоем электразабеспячэння АЭС.Беларуская АЭС будуецца па тыпавым расійскім праекце АЭС-2006 новага пакалення "3+" паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі - у 2020-м.