Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

11 Ліс 2021

Стратэгія і тактыка. Лукашэнка паставіў задачы перад аграрным сектарам

Стратэгія і тактыка. Лукашэнка паставіў задачы перад аграрным сектарам
Фота з архiва

11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў паставіў перад аграрным сектарам стратэгічныя і тактычныя задачы на бліжэйшую перспектыву, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У першую чаргу кіраўнік дзяржавы адзначыў сітуацыю ў плане завяршэння асенніх палявых работ. Па аб'ектыўных прычынах яшчэ застаюцца невялікія аб'ёмы кукурузы і цукровых буракоў. Увогуле па ўсіх культурах у краіне ў гэтым годзе сабрана каля 9 млн т збожжа. "Гэта нядрэнны ўраджай па бягучым годзе. Дастаткова для таго, каб забяспечыць насельніцтва хлебам, хлебабулачнымі вырабамі, а таксама кармамі пагалоўе жывёлы, якое ў нас ёсць і якое мы плануем мець у будучым годзе", - заявіў Прэзідэнт.

Цэны на цукар, як і ў цэлым на прадукты харчавання, вельмі нядрэнныя, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, і гэта дасць магчымасць паправіць і ўмацаваць фінансавае становішча гаспадарак. "Мы атрымаем каля чатырох мільёнаў тон цукровых буракоў. Забяспечым поўнасцю ўнутраны рынак цукрам, гэта прыкладна 350 тысяч тон. І прыкладна столькі ж пойдзе на экспарт", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пасля даручэнняў Прэзідэнта, якія прагучалі раней, значна актывізавана і зяблевае ворыва. "Сёння будзе пад 80 працэнтаў узарана зябліва. Гэта добры працэнт, ніколі такога не было, але ні ў якім выпадку нельга спыняцца", - падкрэсліў ён.

Дарэчы, на пытанні якаснага ўзворвання Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу. У канчатковым выніку - гэта фінансы. Менш будзе затрат і работы вясной, калі тэрміны для аптымальнага правядзення работ вельмі сціслыя. "Толькі асобныя гаспадаркі клапоцяцца аб культуры ўзворвання. Я чаму аб гэтым гавару: гэта прамая эканоміка. Калі ты дрэнна ўзараў, то табе замест адной культывацыі трэба зрабіць тры следам. А гэта ў тры разы большыя затраты", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на падкормку азімых культур і даручыў за зімовы перыяд максімальна падрыхтавацца да ранняй сяўбы, адрамантаваць і падрыхтаваць тэхніку да палявых работ у новым сезоне. Апошняе пытанне Прэзідэнт назваў тактычным: "За зіму трэба вызначыць цэнтры, куды мы, калі неабходна, звязём энерганасычаную тэхніку: камбайны і трактары. МТЗ, "Гомсельмаш" іх дапамогуць адрамантаваць, аднавіць, а дзесьці і абслужыць. Я прасіў міністра прамысловасці і віцэ-прэм'ера, каб затраты на аднаўленне і рамонт гэтай тэхнікі былі мінімальнымі. У сялян лішніх грошай няма. Прамысловасць у гэтым годзе, малайцы, працуе нядрэнна, і прыбытак нядрэнны. Будзе падключана трэцяе прадпрыемства - "Амкадор".

Стратэгічная задача, у тым ліку на перспектыву, - меліярацыя. "Неадкладна трэба пачынаць фронтам проста. Гэта найважнейшая ў сельскай гаспадарцы работа. Захаванне ўрадлівасці зямель і наогул захаванне зямель - гэта святы абавязак дзяржавы, - падкрэсліў беларускі лідар. - Трэба вызначыць за зіму ўсе крыніцы фінансавання. Гэта не чыстая меліярацыя, а аднаўленне таго, што не рабілі гадамі, дзесяцігоддзямі. Каналы выкапалі, дрэнаж паклалі і забылі. 60 гадоў прайшло, і прырода пачала адваёўваць гэтыя землі".

Кіраўнік дзяржавы даручыў падрыхтаваць да работ існуючую меліярацыйную тэхніку, а пры неабходнасці вырабіць дадатковае абсталяванне. Тым больш вопыт у краіне такі ёсць: "Амкадор" раней выпусціў лінейку тэхнікі для меліярацыі. Да гэтай работы падключаць і іншыя прадпрыемствы.

"Трэба пачынаць займацца гэтай работай па-дзяржаўнаму, - падагульніў Аляксандр Лукашэнка. - Страчваем тысячы гектараў урадлівых зямель па краіне. Трэба за зіму кожнаму губернатару вызначыць планы: у якім раёне, дзе і што".

Прэзідэнт таксама лічыць неабходным прапрацаваць пытанне аб аднаўленні ў раёнах работы перасовачных механізаваных калон для вырашэння меліярацыйных задач. "Іх трэба стварыць у тых раёнах, дзе яны патрэбны", - паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.

Таксама, на яго думку, у раёнах неабходна аднавіць так званыя "сельгастэхнікі" - прадпрыемствы, якія займаюцца эксплуатацыяй, забеспячэннем запаснымі часткамі і рамонтам сельскагаспадарчай тэхнікі. "У будучым годзе кожны губернатар будзе здаваць экзамен на прадмет адраджэння "сельгастэхнік", вось гэтых райаграсэрвісаў. Яны патрэбны для сельскай гаспадаркі", - упэўнены беларускі лідар.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі