28 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праўленне Нацыянальнага банка прыняло рашэнне павысіць з 1 сакавіка 2022 года стаўку рэфінансавання да 12 працэнтаў гадавых, стаўку па крэдыце авернайт - да 13 працэнтаў гадавых, стаўку па дэпазіце авернайт - да 11 працэнтаў гадавых. Аб гэтым БЕЛТА паведамляе са спасылкай на сайт Нацбанка.
"Прынятае рашэнне накіравана на падтрыманне фінансавай стабільнасці і абмежаванне інфляцыі, рызыкі паскарэння якой узраслі на фоне рэзкага абвастрэння геапалітычнай сітуацыі і прынятых шэрагам заходніх краін санкцый у адносінах да Расійскай Федэрацыі - асноўнага эканамічнага партнёра Беларусі", - гаворыцца ў паведамленні.
У далейшым Нацыянальны банк прадоўжыць прымаць неабходныя меры па забеспячэнні фінансавай і цэнавай стабільнасці з улікам развіцця знешнепалітычнай сітуацыі, абапіраючыся на бесперапынны маніторынг існуючых тэндэнцый на валютным і дэпазітным рынках і ацэнку інфляцыйных рызык.