26 снежня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. У Эквадоры на радовішчы Армадылья (блок 55) спецыялісты ВА "Беларуснафта" прабурылі яшчэ адну высокапрадукцыйную свідравіну, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
Глыбіня свідравіны складае 3 496 м. Чакаецца, што пасля ўводу ў прамысловую эксплуатацыю з яе будуць здабываць 64 т нафты ў суткі. Цяпер на свідравіне вядуцца работы па ўладкаванні і асваенні.
На прадпрыемстве нагадалі, што распрацоўка радовішча Армадылья (блок 55) праводзіцца па кантракце паміж дзяржаўнай нафтаздабыўной кампаніяй Эквадора "Петраамазонас" і даччыным прадпрыемствам "Беларуснафты" - АТ "Сэрвіс Ойл Эквадор Эквасервойл". Проект уключае аптымізацыю вытворчасці, развіццё інфраструктуры, геолагаразведку, бурэнне і рамонт свідравін на радовішчы Армадылья, выпрацоўку методык павелічэння нафтааддачы.
Беларусы кантралююць увесь тэхпрацэс, аказваюць паслугі ў галіне супервайзінгу, суправаджэння бурэння, асваення і эксплуатацыі свідравін. "Спецыялісты Беларускага навукова-даследчага і праектнага інстытута нафты вырашаюць комплекс геалагічных задач: ад апрацоўкі і інтэрпрэтацыі інфармацыі да складання мадэлей і ацэнкі геалагічнай базы Армадылья. Менавіта геолагі інстытута падрыхтавалі рэкамендацыі, падказалі, дзе трэба бурыць свідравіны", - адзначылі ў прэс-службе.
З улікам новага аб'екта на Армадылья нафта здабываецца з шасці свідравін. Сутачны аб'ём перасягае 300 т. Чакаецца, што назапашаная здабыча нафты па выніках 2018 года складзе больш за 100 тыс. т. Усяго ж па дагаворы з "Петраамазонас" плануецца пабудаваць 11 свідравін.