18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спажыванне азонаразбуральных рэчываў у Беларусі за 30 гадоў скарацілася амаль у 60 разоў. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, паведамляе БЕЛТА.
Спажыванне азонаразбуральных рэчываў у краіне за 2016 год склала толькі 51,5 г. Паводле даных Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынгу азонасферы БДУ, агульная колькасць азону ў саставе атмасферы над тэрыторыяй краіны апошнія гады ў асноўным блізкая да нормы за выключэннем перыядаў сезонных анамалій. Аналіз даных з улікам назіранняў папярэдніх гадоў паказвае, што з 2001 года захоўваецца статыстычна значная тэндэнцыя росту канцэнтрацыі азону ў стратасферы.
У 1987 годзе быў падпісаны Манрэальскі пратакол па рэчывах, якія разбураюць азонавы слой. Ён быў распрацаваны і прыняты для ажыццяўлення мер па ахове стратасфернага азону і прадугледжвае канкрэтныя меры па скарачэнні вытворчасці і спажывання азонаразбуральных рэчываў, да якіх адносяцца маючыя ў саставе хлор або бром арганічныя рэчывы, што выкарыстоўваюцца ў якасці холадагентаў у сектары ахаладжэння і кандыцыяніравання паветра, прапелентаў у бытавой і медыцынскай аэразольнай прадукцыі, агентаў для пажаратушэння, растваральнікаў у электронным і дакладным машынабудаванні, успеньвальнікаў пры вытворчасці будаўнічых матэрыялаў.
Стратасферны азонавы слой ахоўвае Зямлю ад шкоднага ўздзеяння ўльтрафіялетавага сонечнага выпрамянення. Згодна з глабальнымі навуковымі ацэнкамі, да 2030 года Манрэальскі пратакол дасць магчымасць штогод прадухіляць 2 млн выпадкаў захворвання на рак скуры, папярэджваць пашкоджанні вачэй і імуннай сістэмы чалавека. Таксама пратакол унёс значны ўклад у змякчэнне наступстваў змянення клімату шляхам прадухілення больш як 135 млрд т выкідаў у атмасферу эквіваленту двухвокісу вугляроду ў выніку адмовы ад хлорфторвугляродаў і галонаў, якія з'яўляюцца магутнымі парніковымі газамі.
У час выканання прынятых абавязацельстваў па Манрэальскім пратаколе на фоне паэтапнага вываду з абарачэння азонаразбуральных рэчываў ва ўсім свеце значна ўзрасло прымяненне гідрафторвугляродаў, якія не маюць азонаразбуральнай здольнасці, але садзейнічаюць глабальнаму пацяпленню. Існуючыя тэндэнцыі глабальных узроўняў гідрафторвугляродаў у атмасферы ўказваюць на значнае павышэнне іх канцэнтрацый на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, прагнозы таксама сведчаць аб далейшым росце (не меншым за 7 працэнтаў у год) у выпадку інерцыйных сцэнарыяў. Калі не прымаць мер, гідрафторвугляроды, якія выкарыстоўваюцца для ахаладжэння і кандыцыяніравання паветра, могуць даваць да 20 працэнтаў выкідаў парніковых газаў да 2050 года.
На 28-й нарадзе бакоў Манрэальскага пратакола, якая прайшла ў Кігалі (Руанда), прынята папраўка да пратакола адносна рэгулявання спажывання гідрафторвугляродаў. Згодна з навуковымі ацэнкамі, у выніку скарачэння спажывання гэтых рэчываў можна дасягнуць зніжэння глабальнага пацяплення да канца стагоддзя на 0,4 градуса.
Беларусь выконвае ўсе прынятыя абавязацельствы па міжнародных пагадненнях у сферы аховы азонавага слоя. З 2013 года ў краіне рэалізуецца стратэгія па паступовым вывадзе з абарачэння гідрахлорфторвугляродаў на перыяд да 2020 года. Па праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі ГЭФ "Завяршэнне спажывання гідрахлорфторвугляродаў з падтрымкай тэхналогій з нізкім патэнцыялам глабальнага пацяплення ў Беларусі" плануецца правядзенне ацэнкі маштабаў выкарыстання гэтых рэчываў, вызначэнне кошту затрат па пераходзе на выкарыстанне іх альтэрнатыўных заменнікаў. Па выніках гэтых даследаванняў будзе выпрацавана пазіцыя адносна ратыфікацыі Беларуссю Кігальскай папраўкі да Манрэальскага пратакола.-0-