26 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь дасягнула ўражальных вынікаў ва ўзаемным гандлі з Ленінградскай вобласцю, пры гэтым ідзе пастаянны пошук новых вектараў развіцця. Аб гэтым заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў у час сустрэчы з губернатарам Ленінградскай вобласці Расіі Аляксандрам Драздзенкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Жыццё паказвае, што для нашага ўзаемадзеяння з Ленінградскай вобласцю характэрна не толькі паслядоўнасць, планавасць, але і пастаянны пошук новых праектаў, новых вектараў развіцця. Гэта сведчыць аб узаемнай зацікаўленасці ў наладжванні вытворчых, гандлёвых, сацыяльных і проста чалавечых сувязей. Мы нацэлены на канкрэтны вынік, гэта даказвае і эфектыўнасць рэалізацыі дасягнутых намі дамоўленасцей. У прыярытэце, вядома, эканамічныя задачы. Ва ўзаемным гандлі дасягнуты ўражальныя вынікі. Тавараабарот у памеры $1 млрд мы з высокай верагоднасцю дасягнём ужо ў гэтым годзе. Зроблены добры зачын і на 2024 год", - сказаў Мікалай Снапкоў.
Ён падрабязней спыніўся на ключавых напрамках супрацоўніцтва. "Першы - пашырэнне наменклатуры паставак беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання. Перспектыўным, на наш погляд, з'яўляецца таксама будаўніцтва зернесушыльных комплексаў і камбікормавых заводаў. Заслугоўвае ўвагі тэма пастаўкі абсталявання для мадэрнізацыі ферм, абнаўлення тэхналагічнага абсталявання малакаперапрацоўчых вытворчасцей", - адзначыў першы віцэ-прэм'ер.
Яшчэ адзін напрамак датычыцца будаўніцтва аб'ектаў водаачысткі. "Акрамя таго, пачата адпрацоўка новага напрамку супрацоўніцтва. Гэта мадэрнізацыя або будаўніцтва паліўна-энергетычнай інфраструктуры, у тым ліку кацельняў. Таксама вывучаецца магчымасць удзелу беларускіх кампаній у рэалізацыі мерапрыемстваў па праграме развіцця газазабеспячэння - газіфікацыі Ленінградскай вобласці", - дадаў Мікалай Снапкоў.
Наступны актуальны напрамак - сфера АПК. "Мы сістэмна, комплексна падыходзім да развіцця супрацоўніцтва ў гэтай сферы. На пастаяннай аснове праводзяцца работы па сортавыпрабаванні, укараненні новых сартоў у сельгасвытворчасць. Размова пра шматгадовыя травы, рапс, бульбу і шэраг іншых культур. Асабліва хачу звярнуць увагу на сумесныя навуковыя распрацоўкі і даследаванні. Гэта сапраўды зачын на будучыню. Трэба гэтым займацца, каб на дзесяцігоддзі наперад забяспечыць нас сучаснымі тэхналогіямі, сумеснымі праектамі, высокай кампетэнцыяй у базавых галінах развіцця, якія фарміруюць харчовую бяспеку", - падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер.
Ён таксама адзначыў зацікаўленасць Беларусі ў самым актыўным удзеле ў рэалізацыі транспартнай рэформы ў Ленінградскай вобласці, запланаванай на 2024-2025 гады. "Мы прыкладзём усе намаганні, каб паўдзельнічаць і забяспечыць Ленінградскую вобласць якаснай і надзейнай тэхнікай беларускай вытворчасці", - заявіў Мікалай Снапкоў.
Наступны блок - камунальная і дарожная спецыяльная тэхніка. "У гэтых сферах, на мой погляд, ёсць істотныя рэзервы для пашырэння супрацоўніцтва. Гэта звязана і з маштабным будаўніцтвам дарог, і абнаўленнем парку спецыяльнай (у тым ліку пажарнай) тэхнікі, і інтэнсіўным жыллёвым будаўніцтвам у рэгіёне", - звярнуў увагу першы віцэ-прэм'ер.
Беларусь гатова да нарошчвання ўзаемадзеяння і ў будаўнічай сферы. "Школа на 825 месцаў - гэта наш першы сацыяльна арыентаваны праект у рэгіёне. Беларускія кампаніі зацікаўлены больш актыўна ўдзельнічаць у рэалізацыі буйных праектаў, такіх як развіццё партовай інфраструктуры, мадэрнізацыя і будаўніцтва прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу і гэтак далей", - зрабіў акцэнт Мікалай Снапкоў.
Асобна ён вылучыў магчымыя напрамкі супрацоўніцтва на перспектыву. Гэта сістэмныя пастаўкі беларускіх будматэрыялаў, пачатак актыўнага ўдзелу беларускіх і будаўнічых кампаній у рэалізацыі шырокага спектра сацыяльных праектаў, нарошчванне паставак беларускай металапрадукцыі, прапрацоўка пытанняў пастаўкі тэхнікі для меліярацыі, торфаздабычы. Беларусь гатова супрацоўнічаць і ў сферы лесааднаўлення.
"Беларускі бок максімальна нацэлены на дасягненне канкрэтнага практычнага выніку і станоўчага эканамічнага эфекту ад рэалізацыі нашых ініцыятыў і дамоўленасцей на ўзаемавыгаднай аснове", - падкрэсліў Мікалай Снапкоў. Ён таксама дадаў, што Ленінградская вобласць нязменна з'яўляецца адным з ключавых партнёраў Беларусі не толькі ў эканоміцы, але і ў гуманітарнай сферы.
Сёння будуць падпісаны дзве дарожныя карты на 2024-2025 гады: першая - па актывізацыі супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ленінградскай вобласцю ў гандлёва-эканамічнай і навукова-тэхнічнай галінах, другая - па актывізацыі гуманітарнага супрацоўніцтва. "Перад Беларуссю і Расіяй стаіць шмат новых выклікаў. Цяжкасці нас робяць толькі мацнейшымі. Упэўнены, што ў аснове нашых поспехаў - перш за ўсё адносіны нашых народаў. У новай дарожнай карце вялікая ўвага ўдзяляецца кааперацыйным сувязям і сумеснай рабоце па імпартазамяшчэнні. Асаблівы акцэнт зроблены на развіцці прамысловасці", - адзначыў Аляксандр Драздзенка.
Тавараабарот паміж Беларуссю і Ленінградскай вобласцю па выніках 7 месяцаў 2023 года вырас на чвэрць і дасягнуў больш як $530 млн.