8 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рост прамысловай вытворчасці падтрымліваецца моцным знешнім попытам. Аб гэтым заявіў першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў на пасяджэнні Савета Міністраў, дзе разглядаюцца вынікі работы эканомікі за першае паўгодзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як падкрэсліў Мікалай Снапкоў, рост прамысловай вытворчасці падтрымліваецца моцным знешнім попытам. Мэтавыя паказчыкі росту экспарту выконваюцца большасцю канцэрнаў і міністэрстваў. "Рост экспарту тавараў адбываецца пераважна за кошт экспарту ў Расію і дружалюбныя краіны, рост - $5,6 млрд. Прыемна адзначыць, што мы поўнасцю кампенсавалі зніжэнне паставак ва Украіну і недружалюбныя краіны", - адзначыў першы намеснік прэм'ер-міністра.
Паводле яго слоў, больш высокімі, чым экспарт, тэмпамі расце імпарт тавараў. "У выніку ў першым паўгоддзі дэфіцыт знешняга гандлю дасягнуў $1,6 млрд супраць дадатнага сальда за аналагічны перыяд мінулага года па таварах - $125 млн, - сказаў Мікалай Снапкоў. - З аднаго боку, расце інвестыцыйны імпарт, які неабходны для стварэння новых прадпрыемстваў і мадэрнізацыі дзеючых, з другога - патрабуе асаблівай увагі імклівы рост імпарту нехарчовых спажывецкіх тавараў. Такіх тавараў мы завезлі на $1,4 млрд больш, чым экспартавалі. Пры гэтым харчовых спажывецкіх тавараў мы экспартавалі на $1 млрд больш. Прыкладны баланс, але разам з тым тэндэнцыя не з'яўляецца пазітыўнай".