9 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Славкалій" пры рэалізацыі прадукцыі Нежынскага горна-абагачальнага камбіната будзе праводзіць узгодненую з Беларускай калійнай кампаніяй цэнавую палітыку. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам прадпрымальнік Міхаіл Гуцарыеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Цэнавая палітыка выхаду на знешні рынак будзе ўзгоднена, і не будзе ніякай канкурэнцыі. Толькі сіметрычна. У нас ёсць дамоўленасці, што, калі выйдзем на завяршэнне будаўніцтва, падпішам усе неабходныя дакументы. Цяпер ёсць рамачнае пагадненне, што мы ідзём ва ўнісон", - сказаў Міхаіл Гуцарыеў.
Паводле яго слоў, будаўнічыя работы ідуць актыўна, у штатным рэжыме. Аб'ём інвестыцый у будаўніцтва камбіната ў гэтым годзе складзе 400 млн еўра. Цяпер прадаўжаюцца работы па будаўніцтве дзвюх шахт на глыбіню больш за 400 м і 350 м. "Думаю, праз год завершым будаўніцтва шахт", - адзначыў Міхаіл Гуцарыеў. Што датычыцца наземнай часткі, то ўжо 22 ліпеня ў Любані будзе праходзіць першы збор штаба ў сувязі з узвядзеннем офіснага цэнтра.
"Праз 2,5 года, да 2023-га, завершым будаўніцтва камбіната і дадзім першую прадукцыю", - запэўніў прадпрымальнік.
Ён таксама звярнуў увагу на дадатны эканамічны эфект ад увядзення ў строй новага горна-абагачальнага камбіната і продажу дадатковага аб'ёму калійных угнаенняў для краіны ў цэлым. "Гэта дадатковая экспартная валютная выручка, якая садзейнічае стабілізацыі эканомікі Беларусі, стабілізацыі валютнага курсу. Гэта новая добрая валютная скарбонка, добры бізнес на 100 гадоў, гэта заўсёды будзе, нікуды не дзенецца", - упэўнены ён. Акрамя таго, ужо цяпер відавочныя плюсы для развіцця рэгіёна, дзе будуецца ГАК. Там з'явяцца новыя рабочыя месцы, будуюцца тры жылыя дамы, а ў будучым павялічацца падатковыя паступленні ў тым ліку і ў мясцовы бюджэт.
Паводле прагнозу ААН, да 2050 года насельніцтва планеты вырасце да 10 млрд чалавек. У сувязі з гэтым патрэбнасць у калійных угнаеннях будзе толькі павялічвацца, паколькі гэта неад'емны складнік вырошчвання сельскагаспадарчых культур. "У свеце не так шмат краін з запасамі калію. У Беларусі няма нафты, але, на вялікае шчасце, ёсць калій. Гэтым трэба карыстацца, будаваць новыя камбінаты, патанняць вытворчасць, заходзіць на новыя рынкі, у новыя краіны і такім чынам павялічваць валютную выручку для краіны", - лічыць Міхаіл Гуцарыеў.