9 лістапада, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Канечная мэта зацверджаных 4 лістапада на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы 28 саюзных праграм - стварэнне роўных умоў, ліквідацыя бар'ераў, фарміраванне агульных рынкаў. Аб гэтым заявіў пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка сёння ў час экспертнай сесіі "Расійска-беларускія адносіны ў 2021 годзе: саюзныя праграмы, новыя выклікі і напрамкі інтэграцыі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладзімір Сямашка адзначыў, што саюзныя праграмы ахопліваюць практычна ўсе сферы эканомікі. "Іх канечнымі мэтамі з'яўляецца стварэнне дадатковых і роўных умоў для паступальнага росту эканомік і забеспячэння павышэння дабрабыту грамадзян дзвюх краін і, вядома ж, умацавання двухбаковых саюзніцкіх адносін", - сказаў ён.
"Першараднай задачай гэтага пакета мы бачым ліквідацыю існуючых бар'ераў і абмежаванняў у двухбаковым гандлі, стварэнне роўных правоў для суб'ектаў гаспадарання дзвюх краін, стварэнне агульных рынкаў энерганосьбітаў, фарміраванне пераліку сумесных праектаў, прадстаўленне ўзаемнага недыскрымінацыйнага ўдзелу ў праграмах субсідзіравання, дзяржаўных закупках і яшчэ дзясяткі важнейшых крокаў, без чаго немагчыма будзе праводзіць адзіную прамысловую і аграрную палітыку", - заявіў пасол.
Сярод безумоўных прыярытэтаў ён назваў праграму па фарміраванні аб'яднаных энергетычных рынкаў. "За кошт выраўноўвання ўмоў дзейнасці беларускіх і расійскіх суб'ектаў гаспадарання, патаннення кошту энерганосьбітаў мы плануем павысіць канкурэнтаздольнасць тавараў і зможам нарасціць экспартныя пастаўкі ў трэція краіны", - адзначыў дыпламат.
Уладзімір Сямашка падкрэсліў, што сацыяльная палітыка застаецца важнейшай задачай развіцця як Беларусі, так і Расіі. "На гэтым напрамку мы нацэлены выйсці на рэалізацыю ўзгодненай палітыкі ў сацыяльнай і працоўнай сферы, забеспячэнне далейшай гарманізацыі і збліжэння заканадаўстваў у галіне сацыяльнай абароны насельніцтва, аховы працы, пенсійнага забеспячэння, захавання роўных правоў грамадзян, узгаднення адзіных падыходаў па прадастаўленні мер сацыяльнай падтрымкі малазабяспечаным катэгорыям грамадзян, інвалідам, ветэранам", - адзначыў ён.
Пасол нагадаў, што рэалізацыя саюзных праграм разлічана на наступныя два гады. "Пасля завяршэння гэтага перыяду неабходна будзе сур'ёзна паглядзець: што ўдалося зрабіць, а дзе яшчэ ёсць рэзервы і неабходны дадатковы час", - лічыць Уладзімір Сямашка.
Экспертная сесія "Расійска-беларускія адносіны ў 2021 годзе: саюзныя праграмы, новыя выклікі і напрамкі інтэграцыі" была арганізавана Асацыяцыяй знешнепалітычных даследаванняў імя А.А.Грамыкі. Мерапрыемства прайшло ў камбінаваным фармаце - на пляцоўцы Інстытута Еўропы Расійскай акадэміі навук і ў рэжыме відэа-канферэнц-сувязі. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў дзяржкіравання Беларусі, Расіі і Саюзнай дзяржавы, эксперты дзвюх краін. Яны абмеркавалі тры блокі пытанняў: вынікі 2021 года ў расійска-беларускіх адносінах, першарадныя задачы рэалізацыі саюзных праграм і інтэграцыя за рамкамі саюзных праграм: што неабходна зрабіць у бліжэйшыя 2-3 гады.