17 лістапада, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведвае Гомельскае вытворчае аб'яднанне "Крышталь" - кіруючая кампанія холдынга "Крышталь-Холдынг", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Генеральны дырэктар прадпрыемства Руслан Саракавой далажыў кіраўніку дзяржавы аб выніках мадэрнізацыі алмазаапрацоўчай вытворчасці і мерах, што прымаюцца па павышэнні эфектыўнасці работы завода.
Гомельскі "Крышталь" быў створаны ў 1972 годзе як адзін з 7 аднайменных заводаў у Савецкім Саюзе. Сёння сваю дзейнасць прадаўжаюць толькі два прадпрыемствы - у Гомелі і Смаленску.
"У 1993 годзе пасля развалу Савецкага Саюза паўстала пытанне аб загрузцы вытворчасці. Тое, што сёння алмазаапрацоўка яшчэ кропкава ёсць недзе за межамі Індыі (сёння больш як 90 працэнтаў усёй алмазаапрацоўкі - гэта Індыя), у тым ліку ў Беларусі, - гэта выключна дзякуючы таму, што на вашым узроўні прымаліся рашэнні. Захаваўшы алмазаапрацоўку, мы ўпершыню ў рэспубліцы за кошт уласных сродкаў стварылі ювелірную вытворчасць, якая дае магчымасць вырабляць больш маржынальную прадукцыю. Сёння алмазаапрацоўка ў нас займае 20 працэнтаў, а ювелірка - 80 працэнтаў", - сказаў Руслан Саракавой".
Усе мэтавыя паказчыкі і па прадпрыемстве, і па холдынгу выконваюцца, заявіў гендырэктар.
Паводле яго слоў, сыравіну завод закупляе ў асноўным у Расіі, але цяпер пачынае супрацоўнічаць і з Зімбабвэ.
"У гэтым плане мы вам будзем дапамагаць і падштурхоўваць. Яны ідуць нам насустрач. У адзін кошык яйкі класці не трэба", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Новы напрамак для "Крышталя" - вытворчасць мерных зліткаў з золата для Міністэрства фінансаў. У далейшым ведамства прадае іх суб'ектам гаспадарання, банкам і іншым крэдытна-фінансавым арганізацыям Беларусі. Гэта сур'ёзны ўклад у імпартазамяшчэнне, таму што раней зліткі пастаўляліся ў Беларусь з краін Заходняй Еўропы.
Прэзідэнт запатрабаваў узяць гэтыя пытанні на асаблівы кантроль, каб канчаткова замясціць імпарт гэтых вырабаў. "Мы ўсё можам для Нацбанка зрабіць? Значыць, з наступнага года, ды і ў гэтым годзе, каб мы нічога са Швейцарыі не ўвозілі", - падкрэсліў ён.
На прадпрыемстве Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся з этапамі ювелірнай вытворчасці і апрацоўкай алмазаў.
Гомельскі ювелірны завод "Крышталь" - вядучы ў Беларусі вытворца ювелірных вырабаў, брыльянтаў і алмазнага інструменту. З 2013 года прадпрыемства ўключана ў спіс прывілеяваных кліентаў самай буйной у свеце алмазаздабыўной кампаніі "Алроса" (Расія).