25 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ЗАТ "Штадлер Мінск" можа выпускаць паязды для метро іншых краін СНД. Аб гэтым у эфіры тэлеканала АНТ заявіў дырэктар Філіп Брунер, паведамляе БЕЛТА.
"Тыя паязды, што мы распрацавалі спецыяльна для Мінскага метрапалітэна, можам прадаваць усім краінам СНД, у якіх ёсць метро. Вядома, ёсць спецыфіка мінскага метро: дызайн, колькасць месцаў для сядзення, кандыцыянеры, вентыляцыя, магутнасць. Аднак базавую мадэль мы разглядаем для экспарту", - адзначыў Філіп Брунер.
Акрамя таго, "Штадлер" плануе стварыць у Беларусі вытворчасць пераўтваральнікаў. "Патэнцыял такі вялізны, што мы вырашылі будаваць асобны завод. У будучыні, я спадзяюся, зможам паставіць на трамваі і паязды нашы беларускія пераўтваральнікі", - сказаў ён.
У цэлым, падкрэсліў Філіп Брунер, у Беларусі створана камфортнае бізнес-асяроддзе. "Гэта рух у добрым напрамку, і мы гэта адчуваем. Яшчэ ёсць патэнцыял для павышэння ўзроўню, але ўжо зараз нам зручна тут працаваць. Кожны год з'яўляюцца новыя ініцыятывы, якія аблягчаюць нам работу. Так, у гэтым годзе мы чакаем руху наперад па валютным кантролі", - падвёў вынік ён.