10 снежня, Барысаў /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць пытанне аб пераходзе на шклапластык пры вытворчасці пасажырскай і іншай тэхнікі. Аб гэтым ён заявіў у час размовы з калектывам ТАА "ПАЖСНАБ", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гаворачы аб развіцці названага прадпрыемства і яго значэнні, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што такім чынам у краіне ствараюцца ўласныя кампетэнцыі, свая вытворчасць, у якой актыўна задзейнічаны і іншыя прамысловыя аб'екты, напрыклад, МАЗ, "Полацк-Шкловалакно". "Вы не проста прадалі (сваю прадукцыю на рынку. - Заўвага БЕЛТА). Вы ўцягнулі нашы прадпрыемствы", - сказаў ён.
Прэзідэнт у сувязі з гэтым звярнуў увагу на кампетэнцыі "ПАЖСНАБа" ў вытворчасці дэталей для пажарна-выратавальнай тэхнікі са шклапластыку і даручыў прадумаць і падлічыць, ці магчыма яе больш шырокае распаўсюджванне, у тым ліку на вытворчасці пасажырскай тэхнікі.
"Нарадзілася ідэя, што мы ж усе кабіны аўтобусаў і іншага можам па вашых тэхналогіях замясціць на шкловалакно, шклапластык, які вы робіце, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - А будзе гэта даражэй або танней (у параўнанні з металам. - Заўвага БЕЛТА), спецыялісты падлічаць і даложаць. Калі гэта па эканоміцы пройдзе, мы пачнём аўтобусы рабіць па вашых тэхналогіях са шклапластыку".
Адна з відавочных пераваг гэтага матэрыялу - значна меншая вага, чым у металу. Для такіх галін, як, напрыклад, авіябудаванне, гэта істотны фактар. І для беларускіх вырабаў, напэўна, знойдуцца рынкі збыту. Напрыклад,у Расіі, дзе пасля сыходу заходніх кампаній ёсць складанасці з вытворчасцю камплектуючых. На адным з авіязаводаў пры вытворчасці крыло для самалёта з кампазітных матэрыялаў атрымліваецца ў разы цяжэйшае, чым трэба. "Я дырэктару гавару: "Мы людзі не чужыя. "Арэшнік" дадзіце, а мы вам крыло зробім", - з гумарам расказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што пры неабходнасці паставіць перад адказнымі вытворцамі задачу палепшыць якасць шкловалакна, якое выкарыстоўваецца для вытворчасці шклапластыку, каб адысці ад закупак па імпарце і поўнасцю забяспечваць сябе ўласнай сыравінай і паўфабрыкатамі.
"Трэба, каб было сваё, і мы зробім усё, каб сваёй сыравінай, паўфабрыкатамі вас забяспечыць. Пытанне ў тым, можам ці не можам. Можаце. Як будзем далей дзейнічаць, паглядзім, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Шмат такіх ідэй з'яўляецца. Мы бяром гэта на кантроль, прапрацуем. Нашы кіраўнікі, спецыялісты, міністр даложаць, як будзем дзейнічаць".