12 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Шэсць беларускіх прадпрыемстваў адзначаны прэміямі СНД за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі і паслуг. Цырымонія ўзнагароджвання адбылася сёння ў Выканаўчым камітэце СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дыпламантамі прэміі ад Беларусі сталі ТАА "Франдэса",ТАА "Біякам", ААТ "Лідскі малочна-кансервавы камбінат", ЗАТ "Белзамежбуд", адасобленае структурнае падраздзяленне "Лакаматыўнае дэпо Мінск" УП "Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі", лаўрэатам прэміі - СТАА "Бел-Пласт Інтэрнэшнл".
Таксама дыпломам конкурсу адзначана АТ "РЗА" (Казахстан). Лаўрэатамі прэміі ў галіне якасці ад Расійскай Федэрацыі сталі ТАА "Навукова-вытворчая фірма "Паркер", санаторый "Янган-тау" (Рэспубліка Башкортастан), Маскоўскі дзяржаўны медыка-стаматалагічны ўніверсітэт імя А.І. Еўдакімава (Міністэрства аховы здароўя Расіі), ад Арменіі - ЗАТ "Ерэванскі каньячны завод", ад Кыргызстана - ТАА "Кыргыз Каньягы".
Старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, адказваючы на пытанні журналістаў, выказаў надзею, што конкурс і ў далейшым будзе стымуляваць вытворцаў краін СНД да павышэння якасці прадукцыі і дасягнення высокіх вынікаў работы.
Прэмія СНД за дасягненні ў галіне якасці прысуджваецца адзін раз у два гады на конкурснай аснове арганізацыям дзяржаў Садружнасці за дасягненне значных вынікаў у галіне якасці прадукцыі і паслуг, забеспячэнне іх бяспекі і ўкараненне сучасных метадаў менеджменту якасці. Галоўнымі крытэрыямі конкурсу з'яўляюцца пацвярджэнне высокай якасці выпускаемай прадукцыі або аказваемых паслуг на працягу не менш як двух гадоў і ажыццяўленне экспарту прадукцыі і паслуг не менш як у дзве дзяржавы - удзельніцы СНД.
Рашэнне аб прысуджэнні прэмій СНД 2015 года за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі і паслуг было прынята 18 сакавіка 2016 года ў Маскве на пасяджэнні Эканамічнага савета СНД.