26 сакавіка, Ашхабад /Алена Прус - БЕЛТА/. Сэрвісны цэнтр беларускай тэхнікі плануецца адкрыць у Ашхабадзе ў снежні 2015 года. Аб гэтым паведаміў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым, якая адбылася сёння ў Ашхабадзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Цяпер вядзецца будаўніцтва сэрвіснага цэнтра беларускай тэхнікі, якое плануецца завяршыць у трэцім квартале. А на снежань бягучага года намечана ўрачыстае адкрыццё гэтага значнага аб'екта.
Першапачаткова планавалася будаваць на гэтай пляцоўцы сэрвісны цэнтр ААТ "МАЗ", але ў далейшым было прынята рашэнне ўзводзіць комплексны аб'ект. Безумоўна, базавай тут будзе тэхніка МАЗа.
Міхаіл Мясніковіч лічыць правільным прымяненне комплекснага падыходу: у гэтым цэнтры будуць ажыццяўляць продажы тэхнікі і запчастак, праводзіць перадпродажную падрыхтоўку, сэрвіснае абслугоўванне, а таксама рыхтаваць персанал пад патрэбнасць рынку працы Туркменістана.
Старшыня верхняй палаты беларускага парламента 24-28 сакавіка наведвае з рабочым візітам Туркменістан. Запланаваны сустрэчы са старшынёй Меджліса Акджой Нурбердыевай, намеснікам старшыні кабінета міністраў Батырам Эрэшавым, іншымі афіцыйнымі асобамі. 25 сакавіка Міхаіл Мясніковіч наведаў будаўнічую пляцоўку Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. У праграме - наведванне будпляцоўкі сэрвіснага цэнтра, а таксама Беларуска-туркменскага гандлёвага дома.-0-