14 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет Рэспублікі адобрыў сёння ратыфікацыю пратакола аб змяненнях у беларуска-расійскае міжурадавае пагадненне аб прадастаўленні Беларусі дзяржаўнага экспартнага крэдыту для будаўніцтва БелАЭС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як паведамлялася, змяненні ў пагадненне ўносіліся з-за рэарганізацыі дырэкцыі будаўніцтва гэтай станцыі. Раней яна мела статус дзяржустановы, а стала рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам.
Намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко, адказваючы сёння ў Савеце Рэспублікі на пытанні, якія датычацца дагаворнай базы па БелАЭС, растлумачыў, што таксама "падрыхтавана дадатковае пагадненне да генеральнага кантракта".
Беларуская АЭС - праект па будаўніцтве атамнай электрастанцыі тыпу АЭС-2006, які рэалізуецца за 18 км ад Астраўца (Гродзенская вобласць). БелАЭС будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2400 (2х1200) МВт. Генеральным праекціроўшчыкам і генеральным падрадчыкам з'яўляецца аб'яднаная расійская кампанія ААТ "НІАЭП" - ЗАТ "АБЭ". У адпаведнасці з генеральным кантрактам на будаўніцтва станцыі першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2018 годзе, другі - у 2020-м.