11 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сусветны банк і Міністэрства лясной гаспадаркі падпісалі пагадненне аб выдзяленні дадатковай пазыкі 12 млн еўра на развіццё ляснога сектара Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Подпісы пад дакументам паставілі міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа і кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Алекс Крэмер. "Падпісанне гэтага пагаднення - пацвярджэнне таго, што Сусветны банк прызнае і цэніць эфектыўнасць і цяжкую працу ўсіх тых, хто працуе над гэтым праектам. Наш праект у лясным сектары да гэтага часу быў узорам поспеху", - сказаў Алекс Крэмер.
Ён падкрэсліў, што такія праекты вельмі важны, паколькі ўносяць важкі ўклад у змякчэнне наступстваў змянення клімату. "Кліматычныя змяненні адбываюцца пастаянна, усе могуць за гэтым назіраць. Гэта азначае, што і дрэвам даводзіцца адаптавацца да клімату. Лесанасенныя комплексы, якія будуюцца згодна з нашым праектам, будуць вырошчваць пасадачны матэрыял, які лепш адаптаваны да сучасных умоў", - дадаў кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі.
У красавіку 2015 года паміж урадам Беларусі ў асобе Міністэрства лясной гаспадаркі і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця было падпісана пагадненне аб пазыцы на праект "Развіццё ляснога сектара Рэспублікі Беларусь". МБРР прадаставіў пазыку на $40,7 млн. Гэтыя сродкі былі ўкладзены ў будаўніцтва лесанасенных цэнтраў па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай, закупку неабходнай тэхнікі і абсталявання. У сакавіку 2018 года савет выканаўчых дырэктараў Сусветнага банка, вывучыўшы ход рэалізацыі праекта, прыняў рашэнне аб выдзяленні дадатковай пазыкі ў памеры 12 млн еўра.
У рэалізацыі праекта "Развіццё ляснога сектара Рэспублікі Беларусь" удзельнічаюць больш за 90 лесагаспадарчых устаноў краіны.