4 верасня, Южна-Сахалінск /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Сахалін гатовы стаць плацдармам для беларускага экспарту ў краіны Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна. Аб гэтым заявіў карэспандэнту БЕЛТА губернатар Сахалінскай вобласці Алег Кажамяка ў Южна-Сахалінску на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх і расійскіх федэральных СМІ.
"Для Беларусі наш рэгіён можа ўяўляць інтарэс і з пункту гледжання блізкасці да Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна, - сказаў губернатар. - Гэта дае пэўныя перавагі і перспектывы. Менавіта тут можна зрабіць базавыя кропкі па экспарце прадукцыі ў краіны Азіі".
Ён адзначыў, што замежныя партнёры, як і расіяне, давяраюць якасці беларускай прадукцыі, а Сахалін можна зрабіць своеасаблівым мостам, апорнай кропкай таксама для рэалізацыі сумесных праектаў па пастаўках прадукцыі ў Японію, Карэю, Кітай. Паводле слоў Алега Кажамякі, у бліжэйшы час ён разам з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанідам Зайцам маюць намер паехаць у Японію для абмеркавання такіх праектаў.
У сваю чаргу дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота дадаў, што ідэя папрацаваць разам на экспарт - пытанне будучага, але працаваць над гэтым трэба ўжо цяпер. "І такая работа вядзецца, далейшыя беларуска-расійскія кантакты будуць і гэту тэму закранаць", - адзначыў Рыгор Рапота.
Сустрэча прадстаўнікоў беларускіх і расійскіх СМІ з губернатарам Сахалінскай вобласці Алегам Кажамякам адбылася ў час прэс-туру ў рэгіён, арганізаванага Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы і Міжнародным інфармацыйным агенцтвам "Расія сёння".