21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад Беларусі вызначыў меры па рэалізацыі крэдытнага пагаднення з Кітаем на 1,75 млрд юаняў. Адпаведная пастанова Савета Міністраў ад 17 мая 2018 года нумар 367 афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Дакумент прыняты для рэалізацыі пагаднення аб ільготным крэдыце на інвестпраект "Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла на 2016-2032 гады" (першы этап). Пагадненне заключана паміж урадам Беларусі і Экспартна-імпартным банкам Кітая і прадугледжвае, што Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя атрымае для рэалізацыі інвестпраекта 1,75 млрд юаняў.
Банкам-агентам па абслугоўванні крэдыту вызначаны "Белаграпрамбанк". Афармляць і падпісваць дакументы, звязаныя з выбаркай па крэдыце, будзе старшыня праўлення банка або яго намеснікі.
Міністэрству фінансаў даручана разлічвацца па крэдыце за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на бягучы і наступныя фінансавыя гады на абслугоўванне і пагашэнне знешняга дзярждоўгу.
Кантроль за рэалізацыяй БНБК інвестпраекта "Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла на 2016-2032 гады" (першы этап) ускладзены на Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, а за мэтавым выкарыстаннем і своечасовым пагашэннем крэдыту і выплатай працэнтаў - на "Белаграпрамбанк", Мінсельгасхарч і Мінфін.
Персанальную адказнасць за рэалізацыю праекта, мэтавае выкарыстанне і своечасовае пагашэнне крэдыту будуць несці дырэктар БНБК і міністр сельскай гаспадаркі і харчавання.
Гэта пастанова ўступае ў сілу з дня яе прыняцця.