11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет Міністраў адобрыў праект дадатковага пагаднення да крэдытнага пагаднення аб прадастаўленні льготнага крэдыту для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта "Будаўніцтва інжынернай і транспартнай інфраструктуры стартавай зоны паўночнай пляцоўкі тэрыторыі першачарговага асваення Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка пад ключ" паміж урадам Рэспублікі Беларусь у асобе Міністэрства фінансаў і Экспартна-імпартным банкам Кітая ад 10 мая 2015 года. Адпаведная пастанова Саўміна ад 4 мая 2019 года нумар 284 сёння афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Пастановай адобраны праект дадатковага пагаднення паміж урадам Беларусі і Эксімбанкам Кітая ў якасці асновы для правядзення перагавораў.
Міністэрства фінансаў упаўнаважана на правядзенне перагавораў адносна праекта дадатковага пагаднення. Мінфіну дазволена пры неабходнасці ўносіць у яго змяненні і (або) дапаўненні, якія не маюць прынцыповага характару. Таксама міністэрства ўпаўнаважана на падпісанне дадатковага пагаднення пры дасягненні дамоўленасці ў межах адобранага праекта.
Пастанова прынята ў адпаведнасці з указам нумар 252 ад 18 красавіка 2006 года "Аб зацвярджэнні Палажэння аб знешніх дзяржаўных пазыках і знешніх пазыках, прыцягнутых пад гарантыі ўрада Рэспублікі Беларусь". Дакумент уступіў у сілу з дня прыняцця.
Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень" - гэта тэрытарыяльнае ўтварэнне плошчай 112,5 кв. км з асобым прававым рэжымам для забеспячэння камфортных умоў вядзення бізнесу. Парк размешчаны за 25 км ад Мінска ва ўнікальным прыродным комплексе і ў непасрэднай блізкасці ад міжнароднага аэрапорта, чыгуначных пуцей. На тэрыторыі парка плануецца размясціць вытворчыя і жылыя зоны, офісныя і гандлёва-забаўляльныя комплексы, фінансавы і навукова-даследчы цэнтры. Фактычна будуецца сучасны міжнародны экагорад з акцэнтам на высокатэхналагічных і канкурэнтаздольных інавацыйных вытворчасцях з высокім экспартным патэнцыялам. У якасці рэзідэнтаў індустрыяльнага парка могуць выступаць любыя кампаніі незалежна ад краіны паходжання капіталу.