10 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі Беларусі ў жніўні 2024 года склалася дадатным у памеры $259 млн. Адпаведныя статыстычныя даныя апублікаваны на сайце Нацыянальнага банка, паведамляе БЕЛТА.
Сальда па таварах у жніўні 2024 года склала мінус $106,4 млн, што значна лепш за сярэднямесячны паказчык па студзені - ліпені 2024 года (мінус $279,3 млн). Сальда знешняга гандлю паслугамі прадаўжала нарастаць, дасягнуўшы ў жніўні $365,2 млн.
У студзені - жніўні бягучага года знешнегандлёвы абарот таварамі і паслугамі вырас на 4,7 працэнта да $64,7 млрд.
Пры гэтым апошнія пяць месяцаў бягучага года назіраецца тэндэнцыя да паскарэння тэмпаў росту экспарту тавараў і паслуг, што садзейнічала выхаду на дадатнае сальда па таварах і паслугах, якое па выніках студзеня - жніўня 2024 года склала $184 млн.
Сальда знешняга гандлю таварамі ў студзені-жніўні склалася адмоўным у памеры мінус $2,06 млрд. Тэмпы росту экспарту паслуг на працягу ўсяго справаздачнага перыяду перавышалі тэмпы росту іх імпарту, што дало магчымасць сфарміравацца дадатнаму сальда па паслугах у памеры $2,25 млрд.