23 лістапада, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Гарманізацыя мер падтрымкі сельскагаспадарчага машынабудавання ў Саюзнай дзяржаве будзе абмяркоўвацца на пасяджэнні Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па эканамічнай палітыцы. Мерапрыемства пройдзе 24 лістапада ў фармаце відэаканферэнцыі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе сходу.
"У мэтах забеспячэння эфектыўнага развіцця сельскагаспадарчага машынабудавання ў рамках Саюзнай дзяржавы ўдзельнікі пасяджэння абмяркуюць пытанне аб удасканаленні нарматыўна-прававой базы дзяржаў-удзельніц, якая рэгулюе дзяржаўныя меры падтрымкі беларуска-расійскіх вытворчасцей сельскагаспадарчай тэхнікі і трактароў", - адзначылі ў прэс-службе.
Акрамя таго, дэпутаты разгледзяць ход работы па ўстараненні недахопаў, выкладзеных у заключэнні Падліковай палаты Расіі па падагульняючай справаздачы аб выкананні ў 2016-2019 гадах навукова-тэхнічнай праграмы Саюзнай дзяржавы "Распрацоўка крытычных стандартных тэхналогій праектавання і вытворчасці вырабаў нанаструктурнай мікра- і оптаэлектронікі, прыбораў і сістэм на іх аснове і абсталявання для іх вытворчасці і выпрабаванняў" ("Прамень").
Акрамя саюзных парламентарыяў у пасяджэнні прымуць удзел прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, міністэрстваў і навукова-даследчых устаноў, а таксама прадпрыемстваў па вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі Беларусі і Расіі.