17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рыжскі свабодны порт гатоў прадастаўляць плошчы для размяшчэння вытворчасцей і лагістычнай інфраструктуры беларускіх прадпрыемстваў-экспарцёраў на максімальна выгадных умовах, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў порце.
"Размова ідзе аб перавалцы ў першую чаргу генеральных грузаў (у якіх можа быць найбольш зацікаўлены сярэдні бізнес), прадуктаў дрэваапрацоўкі, збожжа, мінеральных угнаенняў. А з улікам развіцця ўзаемаадносін Беларусі і Латвіі мы гатовы прадаставіць новыя магчымасці беларускім экспарцёрам па максімальна выгадных тарыфах", - адзначылі ў адміністрацыі порта. Размяшчэнне порта ў Свабоднай эканамічнай зоне дае магчымасць грузаперавозчыкам знізіць мытныя, рэгістрацыйныя і падатковыя выдаткі за кошт ільгот.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Латвіі Васіль Марковіч адзначыў, што цяпер, нягледзячы на негатыўныя тэндэнцыі сусветнага рынку, абумоўленымі рознымі фактарамі, стратэгічным напрамкам беларуска-латвійскага ўзаемадзеяння застаецца транспартна-транзітная сфера. "Латвія з'яўляецца важным гандлёвым партнёрам Беларусі, а таксама значным транспартным і транзітным калідорам для беларускага экспарту, аснову якога складае прадукцыя лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці, нафтапрадукты і нафтахімія. Кіраўніцтва Міністэрства транспарту Латвіі, адміністрацыі латвійскіх партоў і чыгункі ўсебакова падтрымліваюць развіццё двухбаковых адносін. Гэта дазваляе стрымліваць спад аб'ёмаў экспарту і транзіту грузаў пры значным скарачэнні попыту прадукцыі на сусветным рынку", - паведаміў дыпламат.
Кіраўнік дыпмісіі падкрэсліў, што беларускія экспарцёры ва ўмовах узмацнення рэгіянальнай канкурэнцыі ў барацьбе за грузы і неабходнасці дыверсіфікацыі грузапатокаў зацікаўлены ў эканамічна выгадных маршрутах у трэція краіны, у тым ліку праз латвійскі транзітны калідор. "Для беларускага боку важны доўгатэрміновыя ўмовы супрацоўніцтва, аптымальныя і выгадныя тарыфы для транзіту грузаў, а адміністрацыя Рыжскага свабоднага порта ў сваю чаргу прапануе беларускім экспарцёрам асаблівыя ўмовы супрацоўніцтва", - адзначыў Васіль Марковіч.