22 сакавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Камісія Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па інфармацыйнай палітыцы лічыць, што ўсе мерапрыемствы па адмене роўмінгу паміж дзвюма краінамі могуць быць завершаны да 2 красавіка - Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Аб гэтым было заяўлена на пасяджэнні камісіі, якое адбылося сёння ў Маскве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Грамадзяне Беларусі і Расіі чакаюць з нецярпеннем, калі сувязь стане больш даступнай, - сказаў на пасяджэнні камісіі яе кіраўнік старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Генадзь Давыдзька. - Гэта пытанне мае ўжо нават не эканамічны і тэхнічны, а палітычны характар".
На пасяджэнні адзначалася, што доследны рэжым эксплуатацыі каналаў сувязі для пропуску роўмінгавага трафіка Саюзнай дзяржавы, які павінен быў скончыцца 31 снежня 2020 года, рашэннем Групы высокага ўзроўню пры Савеце Міністраў Саюзнай дзяржавы прадоўжаны яшчэ на год. "У сувязі з нарастаючымі інфармацыйнымі выклікамі сённяшняга дня і неабходнасцю збліжэння народаў Саюзнай дзяржавы адмена роўмінгу - рэальны інструмент паглыблення інтэграцыйных працэсаў", - гаворыцца ў падагульняючым рашэнні Камісіі Парламенцкага сходу па інфармацыйнай палітыцы. Саюзныя парламентарыі звярнуліся да Групы высокага ўзроўню, пасяджэнне якой намечана на 30 сакавіка, прыняць рашэнне аб канчатковай адмене роўмінгу з 2 красавіка.
Як растлумачыла на пасяджэнні намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі Наталля Гардзеенка, прадаўжэнне тэставага рэжыму было абумоўлена тым, што ва ўмовах пандэміі бакі не паспелі завяршыць увесь комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне тэлефоннага махлярства. Між тым, паводле яе слоў, цана за паслугі сотавых аператараў у Беларусі і Расіі пры знаходжанні абанента ў роўмінгу ўжо максімальна набліжана да дамашняга тарыфу.
У сваю чаргу намеснік дырэктара Дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Расіі Максім Кісялёў дадаў, што роўмінг будзе лічыцца канчаткова адмененым з таго моманту, калі кошт уваходнага званка афіцыйна стане 0 рублёў. Аднак, адзначыў ён, тарыфы, якія існуюць цяпер, практычна ўжо не зменяцца.
Пры рабоце па адмене роўмінгу з 1 лістапада 2020 года роўмінгавыя тарыфы на ўваходныя і выходныя выклікі, СМС і інтэрнэт на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы былі зніжаны ў некалькі разоў. Паводле заяў расійскіх аператараў, зніжаныя тарыфы на мабільную сувязь у роўмінгу паміж Расіяй і Беларуссю прадоўжаць дзейнічаць у 2021 годзе ў рамках тэставага рэжыму. У час тэставага перыяду беларускія і расійскія аператары адпрацоўваюць пытанні міжаператарскага ўзаемадзеяння, тэсціруюць каналы сувязі, сістэмы камутацыі і білінгу для вызначэння карэктнасці праходжання і тарыфікацыі роўмінгавага трафіка.