1 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэзідэнты парка "Вялікі камень" гатовы рэалізаваць праекты больш як на $700 млн. Аб гэтым ішла размова на сустрэчы намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Анатоля Калініна з генпрадстаўніком прадстаўніцтва "Чайна Мерчантс Груп" у Цэнтральнай Азіі і краінах Балтыйскага рэгіёна, членам савета дырэктараў "Чайна Мерчантс Груп", галоўным выканаўчым дырэктарам СЗАТ "Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка" Ху Чжэнам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.
Адзначана, што прыняцце ў маі 2017 года ўказа Прэзідэнта, накіраванага на ўдасканаленне ўмоў функцыянавання індустрыяльнага парка "Вялікі камень", а таксама дзейнасць кітайскага прадстаўніцтва актывізавалі работу па рэгістрацыі новых рэзідэнтаў. Ужо ёсць 18 кампаній, якія выказалі жаданне рэалізаваць праекты ў парку на суму больш як $700 млн. Да канца года іх колькасць можа павялічыцца да 23.
Стварэнне інфраструктуры тэрыторыі першачарговага этапу асваення парка, куды ўжо інвесціравана амаль $100 млн, практычна завершана, што, як адзначыў Ху Джэн, стварае ўмовы для пераходу да чарговага этапу - актыўнага ўзвядзення вытворчых аб'ектаў.
Сёння ў стадыі завяршэння будаўніцтва знаходзяцца аб'екты лагістычнага субпарка ЗАТ "Чайна Мерчантс СіЭйчЭн-БіЭлАр камерцыйная і лагістычная кампанія", вытворчасці суперкандэнсатараў ТАА "Чэнду Сіньджу Шаўковы шлях развіцця".
У ходзе сустрэчы таксама абмяркоўваліся далейшыя крокі па стварэнні сумеснага будаўніча-праектнага інстытута, накіраванага на паскарэнне рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у парку. Бакі дамовіліся завяршыць гэту работу ў 2017 годзе.
Анатоль Калінін адзначыў высокую ступень узаемадзеяння і значную работу, праведзеную кітайскімі і беларускімі спецыялістамі па завяршэнні будаўніцтва першага знакавага аб'екта "Вялікага каменя" - гандлёва-лагістычнага субпарка кампаніі "Чайна Мерчантс Груп".