21 снежня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Рэзідэнтам Нацыянальнага навукова-тэхналагічнага парка "БелБіяград" прадаставяць падатковыя паслабленні. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў пасля нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы будзем ствараць вялікі нацыянальны парк, дзе будуць не толькі праводзіцца фундаментальныя даследаванні, але і выконвацца прыкладныя распрацоўкі, стварацца навукаёмістыя інавацыйныя вытворчасці. Для гэтага спатрэбіцца прыцягваць інвестыцыі, у тым ліку замежныя. Усё гэта мы сёння разглядалі, і прынята станоўчае рашэнне", - сказаў Уладзімір Гусакоў.
Ён растлумачыў, што дэ-факта "БелБіяград" ужо існуе, але без дзяржаўных прэферэнцый. Распрацаваны праект указа, які прадугледжвае ўвядзенне ў навукова-тэхналагічным парку асаблівага парадку падатковага рэжыму. У прыватнасці, прапануецца знізіць падаткі на нерухомую маёмасць, зямлю, прыбытак. "Гэтыя прэферэнцыі вельмі патрэбны для таго, каб зацікавіць замежных інвестараў", - звярнуў увагу кіраўнік НАН.
Паводле яго слоў, Акадэмія навук мае шмат напрацовак, якія трэба ўкараняць у вытворчасць, аднак для гэтага неабходны інвестыцыі. "Таму "БелБіяград" прадугледжвае стварэнне ўмоў для прыцягнення інвестыцый. Мы не ставім задачу прыцягнення бюджэтных сродкаў, яны павінны быць пазабюджэтныя. Могуць быць і нацыянальныя інвестары, але ў большай меры мы арыентуемся на прыцягненне замежных інвестыцый, - адзначыў старшыня Прэзідыума НАН. - Мы будзем ствараць навукаёмістыя вытворчасці. У залежнасці ад напрамкаў дзейнасці яны будуць малатанажнымі або буйнатанажнымі. Там вучоныя змогуць рэалізаваць свае ідэі, распрацоўкі. Гэта вельмі важна".
"БелБіяград" размесціцца ў Мінску на базе Акадэмгарадка, які знаходзіцца недалёка ад Парка высокіх тэхналогій. У цэлым іх дзейнасць будзе крыху падобная. "Гэта прыкладна тыя ж самыя ўмовы і прэферэнцыі, але адрозненне ў тым, што Парк высокіх тэхналогій - гэта камп'ютар, стол і мазгі. А нам трэба вырабіць інавацыйную прадукцыю і прадаць яе, атрымаць прыбытак. Гэта матэрыяльны прадукт", - рэзюмаваў Уладзімір Гусакоў.
Ён расказаў, што на нарадзе Аляксандр Лукашэнка дэталёва цікавіўся, наколькі гэты праект запатрабаваны жыццём і што ён дасць для развіцця навукі і эканомікі. Выслухаўшы дакладчыкаў, кіраўнік дзяржавы падтрымаў ідэю і агульныя падыходы па стварэнні "БелБіяграда", у цэлым адобрыўшы праект указа. Разам з тым ён даручыў у бліжэйшы час падрыхтаваць для яго падрабязную інфармацыю аб тым, як будзе арганізавана дзейнасць навукова-тэхналагічнага парка.