25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 100 прадстаўнікоў дзелавых колаў, уключаючы вядучых вытворцаў і пастаўшчыкоў металапрадукцыі з РФ, прымуць удзел у круглым стале "Рынак вытворчасці і спажывання чорных і каляровых металаў у Рэспубліцы Беларусь" 27 мая, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай універсальнай таварнай біржы.
Круглы стол арганізаваны БУТБ і Расійскім саюзам пастаўшчыкоў металапрадукцыі. Плануецца абмеркаваць бягучую сітуацыю на рынку металапрадукцыі ў Беларусі і Расіі, асноўныя трэнды 2021, а таксама ўвесь комплекс пытанняў, якія датычацца яе закупак і рэалізацыі на біржавых таргах.
"Па выніках чатырох месяцаў доля металапрадукцыі ў біржавым тавараабароце склала 25 працэнтаў. У абсалютных лічбах гэта Br613 млн. Прычым у параўнанні са студзенем-красавіком мінулага года сума здзелак вырасла на 39 працэнтаў. Найбольш запатрабаванымі таварнымі пазіцыямі ў беларускіх удзельнікаў таргоў былі вырабы з чорных металаў, што выпускаюцца ў РФ. Таму асаблівая ўвага ў ходзе круглага стала будзе ўдзелена пытанням фарміравання цэн на чорны металапракат, перавагам выкарыстання схемы "пастаўка супраць плацяжу" пры заключэнні здзелак і асаблівасцям узаемадзеяння прадаўцоў і пакупнікоў металу ва ўмовах пандэміі COVID-19", - адзначылі ў прэс-службе.
Акрамя ўдзелу ў круглым стале, дэлегацыя РСПМ наведае ААТ "Мінскі трактарны завод" і ААТ "Амкадор" для правядзення перагавораў аб супрацоўніцтве, а таксама азнаямлення з матэрыяламі і тэхналогіямі, што прымяняюцца пры вытворчасці беларускай тэхнікі.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Яе галоўная функцыя - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.
Расійскі саюз пастаўшчыкоў металапрадукцыі - адна з буйнейшых галіновых асацыяцый Расіі. Членамі саюза з'яўляюцца каля 80 кампаній, якія працуюць у розных сектарах рынку металапрадукцыі, - пракат чорных і каляровых металаў, трубы, вырабы з металаў, збор і перапрацоўка металалому і інш. У 2011 годзе паміж БУТБ і РСПМ падпісана пагадненне аб партнёрстве.