11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Згодна з данымі Беларускай універсальнай таварнай біржы, у студзені - маі 2024 года сума здзелак, заключаных рэзідэнтамі Расійскай Федэрацыі, дасягнула $351 млн, што ў 4,5 раза больш, чым за той жа перыяд 2023 года. Пры гэтым доля беларускага экспарту ў структуры біржавога тавараабароту склала 79 працэнтаў. У разрэзе рэгіёнаў у пяцёрку лідараў па суме біржавых кантрактаў увайшлі Маскоўская, Ленінградская, Смаленская і Яраслаўская вобласці, а таксама ўпершыню Рэспубліка Татарстан, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.
Як растлумачылі ў прэс-службе, павышэнне пазіцыі Татарстана ў рэйтынгу абумоўлена актыўнымі закупкамі беларускай малочнай прадукцыі - сметанковага масла і сухога малака. У вартасным выражэнні імпарт малакапрадуктаў у гэты рэгіён склаў $12,5 млн. Усяго ў студзені - маі бягучага года здзелкі на БУТБ ажыццяўлялі кампаніі з 45 рэгіёнаў Расіі.
"Расійская Федэрацыя з'яўляецца ключавым рынкам збыту беларускіх тавараў праз біржавую пляцоўку. У студзені - маі на Расію прыпала 58 працэнтаў агульнага аб'ёму біржавога экспарту, а ў якасці пакупнікоў прадукцыі айчынных вытворцаў выступалі кампаніі з 38 рэгіёнаў РФ. У гэтым годзе найбольшым попытам у расійскіх удзельнікаў таргоў карыстаюцца тавары сельскагаспадарчай групы. У першую чаргу гэта прадукцыя малочнай галіны: сметанковае масла, сухое малако і сычужныя сыры. Гэтыя пазіцыі забяспечваюць звыш 80 працэнтаў біржавых продажаў на расійскі рынак. Акрамя таго, у параўнанні з мінулым годам расіяне прыкметна павялічылі закупкі кармавых дабавак беларускай вытворчасці - з $0,5 млн у студзені - маі 2023 года да $6,5 млн у студзені - маі 2024 года. Што датычыцца імпарту, то праз біржавыя таргі сваю прадукцыю ў Беларусь пастаўлялі прадпрыемствы 27 рэгіёнаў Расіі, а агульная сума здзелак павялічылася на 14 працэнтаў, да $71 млн. У топ-5 буйнейшых прадаўцоў увайшлі кампаніі з Калінінградскай, Маскоўскай, Смаленскай, Кемераўскай і Ліпецкай абласцей. Традыцыйна самымі запатрабаванымі пазіцыямі ў беларускіх пакупнікоў былі вугаль і вырабы з чорных і каляровых металаў", - расказалі ў прэс-службе БУТБ.
Па стане на 1 чэрвеня 2024 года на БУТБ былі акрэдытаваны 3852 рэзідэнты Расійскай Федэрацыі, у тым ліку 6 біржавых брокераў. З пачатку года колькасць расійскіх удзельнікаў біржавых таргоў вырасла на 7 працэнтаў.