21 студзеня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Расія прапануе Беларусі стварыць сумесныя прадпрыемствы і інтэграваныя структуры для асваення касмічных тэхналогій. Аб гэтым паведаміў журналістам генеральны дырэктар дзяржкарпарацыі "Раскосмас" Дзмітрый Рагозін па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння мы пачынаем маштабнае супрацоўніцтва. Раней, калі вы памятаеце, ішлі перагаворы аб куплі нейкіх беларускіх прадпрыемстваў расійскімі інтэграванымі структурамі. Я лічу, што гэта не зусім правільны шлях. Таму што мы ўпіраемся ў ацэнку кошту, пачынаюцца спрэчкі, і ў выніку ўсё ідзе ў пясок, - сказаў ён. - Цяпер мы гаворым не аб куплі адзін у аднаго нейкіх актываў, а аб складанні гэтых актываў у рамках сумесных прадпрыемстваў і інтэграваных структур. Гэта шлях, які мне імпануе і падтрыманы сёння кіраўніком беларускай дзяржавы".
Дзмітрый Рагозін лічыць перспектыўным стварэнне такіх сумесных прадпрыемстваў з прыцягненнем з беларускага боку ААТ "Пеленг", "Інтэграл" і шэрага дызайнерскіх бюро, якія займаюцца праектаваннем у мікраэлектроніцы.
"Беларусь - гэта вельмі блізкі ў дзелавых адносінах для касмічнай прамысловасці Расіі партнёр. Тут ёсць, перш за ўсё, "Пеленг", які стварае ўнікальную мэтавую апаратуру для шэрага касмічных апаратаў Расіі, напрыклад, для "Канопуса", каб выяўляць ачагі пажараў, нягледзячы на моцную задымленасць, - расказаў кіраўнік "Раскосмасу". - Беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў гэтым плане (і Аляксандр Рыгоравіч пацвердзіў волю беларускай дзяржавы да таго, каб працаваць больш цесна) дасць магчымасць стварыць серыю апаратаў групоўкі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з выкарыстаннем беларускай аптычнай апаратуры, якая паказала ўжо свае тэхнічныя характарыстыкі сусветнага ўзроўню".
Кіраўнік "Раскосмасу" бачыць магчымасць для выхаду на рынак з сумеснай прадукцыяй, напрыклад, расійскага УНДІЭМ і беларускага "Пеленга". "Яны маглі б скласці больш магутную фірму, якая на еўрапейскім, сусветным рынку магла б прадстаўляць па сутнасці ўнікальную спадарожнікавую платформу дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. А ў перспектыве - зрабіць бясшвовую карту Беларусі, Расіі, краін СНД з высокім распазнаваннем, якая будзе абнаўляецца кожныя паўтары гадзіны, - выказаў ён меркаванне. - Для гэтага спатрэбіцца стварыць магутны вылічальны цэнтр, разумную машыну, дзе будзе збірацца інфармацыя з арбітальнай групоўкі, але гэта ўжо другі крок. Мы гэтым толькі пачынаем займацца".
Ён таксама падкрэсліў вялікую заслугу Беларусі ў тым, што краіна змагла захаваць з савецкіх часоў і значна развіць "Інтэграл". "Мы ведаем, што сёння санкцыі Захаду ў адносінах да і Расіі, і Беларусі датычацца і мікраэлектронікі. Беларусі ўдалося за апошнія гады зрабіць вялікі крок наперад у стварэнні дызайн-бюро, развіцця ІТ-тэхналогій, з пункту гледжання праектавання электроннай кампанентнай базы, прычым касмічнага прызначэння", - дадаў Дзмітрый Рагозін. За час знаходжання ў Мінску ён плануе сустрэцца з прадстаўнікамі дызайн-бюро і правесці перагаворы. "Мы глыбей вывучым магчымасці сумеснай работы. Перш за ўсё гэта забеспячэнне беларускіх дызайн-бюро заказамі (з боку Расіі. - Заўвага БЕЛТА) на праектаванне мікраэлектронікі касмічнага прызначэння", - растлумачыў ён.
Паводле слоў Дзмітрыя Рагозіна, у час сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі дасягнута дамоўленасць аб актывізацыі супрацоўніцтва. "Цяпер мы гаворым аб самым галоўным - стварыць стабільныя партнёрскія адносіны паміж тым, хто вырабляе мэтавую апаратуру, і тым, хто фарміруе касмічную платформу і адказвае за запуск на разліковую арбіту касмічнага апарата. Для Беларусі гэта добрая, значная падтрымка для развіцця эканомікі, а для "Раскосмасу" - зняцце залішніх адміністрацыйных бар'ераў, якія звычайна прысутнічаюць у адносінах з беларускімі прадпрыемствамі. Цяпер мы выйдзем на прамыя адносіны", - падкрэсліў Дзмітрый Рагозін.
Перагаворы аб магчымасці інтэграцыі ААТ "Пеленг" з "Раскосмасам" вяліся доўгі час. У 2014 годзе краіны ўзгаднілі рыначны кошт 100 працэнтаў акцый ААТ "Пеленг" у памеры $590 млн. Аднак дамоўленасці па іншых істотных умовах інтэграцыі дасягнуць так і не ўдалося. Расійскі бок не выканаў асноўнае абавязацельства ў частцы падрыхтоўкі і прадстаўлення прапаноў наконт удзелу ААТ "Пеленг" у развіцці навукова-вытворчага патэнцыялу касмічнай галіны Расіі, у рэалізацыі праектаў распрацоўкі і стварэння касмічнай тэхнікі па дзеючых і распрацоўваемых праграмах. З сярэдзіны 2015 года рэалізацыя праекта па інтэграцыі ААТ "Пеленг" з "Раскосмасам" фактычна прыпынена.