12 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанні прыцягнення брытанскага капіталу ў банкі Беларусі абмяркоўваліся на сустрэчы старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Паўла Калаура з членам брытанскай каралеўскай сям'і прынцам Майклам Кенцкім, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей рэгулятара.
Сустрэча адбылася ў час рабочага візіту прынца Кенцкага ў Беларусь. Бакі абмяняліся думкамі аб перспектывах пашырэння беларуска-брытанскага супрацоўніцтва ў фінансава-эканамічнай і банкаўскай сферах, у тым ліку ў пытаннях прыцягнення брытанскага капіталу ў банкаўскую сістэму Беларусі.
Адзначана, што ў апошнія гады Вялікабрытанія з'яўляецца адным з вядучых эканамічных партнёраў Беларусі. Па выніках 2015 года яна заняла трэцяе месца сярод гандлёвых партнёраў Беларусі ў свеце.
У Нацыянальным банку Беларусі таксама высока ацэньваюць ролю Інстытута сертыфікацыйных фінансавых менеджараў, патронам якога з'яўляецца прынц Майкл Кенцкі. У рамках правядзення штогадовых канферэнцый Інстытута сертыфікацыйных фінансавых менеджараў міжнароднай сеткі Global ICB/ICFM у 2013 і 2014 гадах супрацоўнікі Нацыянальнага банка Беларусі двойчы станавіліся лаўрэатамі ўзнагароды "Лука Пачолі" - у намінацыі "За ўклад у рэформу МСФС" і "За ўклад у развіццё банкаўскага сектара".