10 верасня, Масква /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія дамовіліся аб правядзенні агульнай макраэканамічнай палітыкі. Аб гэтым Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў 9 верасня журналістам па выніках перагавораў у Маскве з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы дамовіліся аб правядзенні агульнай макраэканамічнай палітыкі, гарманізацыі грашова-крэдытнай палітыкі, інтэграцыі плацежных сістэм. Дамовіліся аб забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі, паглыбленні супрацоўніцтва ў мытнай і падатковай сферы: размова ідзе аб празрыстасці мытнага кошту тавару і вызначэнні празрыстай структуры кошту тавараў у эканоміцы наогул", - расказаў Уладзімір Пуцін.
"Нашы эксперты лічылі, што без вырашэння гэтых пытанняў нельга пераходзіць да ніякіх іншых па асобных таварных групах, уключаючы і энерганосьбіты", - растлумачыў кіраўнік расійскай дзяржавы.
Бакі таксама дамовіліся стварыць адзіную метадалогію для гарманізацыі ўсіх ускосных падаткаў. Для гэтага ў перспектыве з'явіцца орган, які будзе кантраляваць гэтыя працэсы.
Усё гэта, паводле слоў Прэзідэнта, дало магчымасць дамовіцца аб пераходзе да адзінай прамысловай палітыкі і аб узаемным доступе да дзяржзакупак.