25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка правёў пасяджэнне камісіі па пытаннях дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі пры Савеце Міністраў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У парадак дня пасяджэння камісіі былі ўключаны два пытанні - аб праекце комплекснага прагнозу навукова-тэхнічнага прагрэсу Беларусі на 2026-2030 гады і на перыяд да 2045-га і аб прапановах па прыярытэтных напрамках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці на 2026-2030 гады.
"На падрыхтоўку гэтых дакументаў затрачана нямала часу і сіл, над іх распрацоўкай працавалі дзясяткі лепшых вучоных краіны. Самі дакументы ўжо не раз уважліва аналізаваліся кіраўнікамі і экспертамі дзяржаўных органаў і арганізацый. Лагічнае завяршэнне гэтай работы - разгляд іх на пасяджэнні камісіі па пытаннях дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі пры Саўміне і далейшае зацвярджэнне", - адзначыў Раман Галоўчанка.
"Вы добра ведаеце, якая ўвага цяпер на самым высокім узроўні ўдзяляецца пытанням імпартазамяшчэння, тэхналагічнага суверэнітэту і здольнасці айчыннай навукі забяспечыць патрэбнасці рэальнага сектара эканомікі ў новых распрацоўках. У сувязі з гэтым разглядаемыя на сённяшнім пасяджэнні дакументы ўяўляюць для краіны стратэгічную важнасць, з'яўляюцца базай для распрацоўкі іншых дакументаў дзяржаўнага прагназавання і планавання, і таму іх якасць і практычная прымяняльнасць у галінах не павінны выклікаць ніякіх сумненняў", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.
"Важна разумець, як будзе забяспечана практычнае выкарыстанне комплекснага прагнозу і якая будзе яго рэальная карысць для эканомікі, ці адпавядае ён сучасным выклікам і пагрозам, ці не стане дакумент проста прыгожай, але малапрымяняльнай кнігай. У дакладзе па пытанні аб прыярытэтных напрамках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці хацелася б пачуць, наколькі актуальны падрыхтаваны пералік прыярытэтаў, чым ён адрозніваецца ад дакумента, які дзейнічае ў бягучай пяцігодцы, і ці адпавядае інтарэсам рэальнага сектара эканомікі", - рэзюмаваў кіраўнік урада.
Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Сяргей Шлычкоў у размове з журналістамі звярнуў увагу на важнасць гэтых двух дакументаў.
"У адпаведнасці з заканадаўствам прагноз і прыярытэтныя напрамкі з'яўляюцца асновай для распрацоўкі галоўных дакументаў, якія рэгламентуюць сацыяльна-эканамічнае развіццё. Гэта і Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця, і Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця, і галіновыя стратэгіі. На падставе вынікаў праведзенай работы будзе фарміравацца пералік розных дзяржаўных праграм, будуць адбірацца новыя праекты, прымацца рашэнні аб фінансаванні навуковых даследаванняў, распрацовак і праектаў па стварэнні інавацыйных прамысловых магутнасцей", - растлумачыў ён.
"Мэтай было вызначыць пункты росту перш за ўсё ў эканамічнай сферы і ў забеспячэнні нацыянальнай бяспекі. Як і ў бягучай пяцігодцы, прыярытэт нумар адзін - "лічба", г.зн. усё, што звязана з інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі. Прагноз у першую чаргу арыентаваны на 15 галін эканомікі і 22 віды эканамічнай дзейнасці, якія па выніках апошніх трох гадоў даюць нам максімальны ўклад у ВУП. Гэта і апрацоўчая прамысловасць, і аграпрамысловы комплекс, і медыцына, і адукацыя", - адзначыў старшыня ДКНТ.