28 кастрычніка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. У СНД патрабуецца ўзмацненне каардынуючай ролі органаў галіновага супрацоўніцтва. Такое меркаванне выказаў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі ўрадавых дэлегацый ЕАЭС і СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як лічыць Прэзідэнт Беларусі, дзейнасці органаў галіновага супрацоўніцтва неабходна надаць сістэмнасць і праграмна-мэтавы характар. "Асобныя з іх функцыянуюць дзесяцігоддзямі, але не ўносяць укладу ў развіццё Садружнасці, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Але ж менавіта на гэтым узроўні ажыццяўляецца экспертная дзейнасць па практычным напаўненні палітычных рашэнняў, вынікі такой работы фарміруюць уяўленне аб карысці СНД для канкрэтных грамадзян, арганізацый, прадпрыемстваў, дзяржаў".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе гэтыя тэмы не новыя і на іх трэба проста паглядзець пад іншым вуглом, актуалізаваць з улікам сучасных рэалій. "Гэта і будзе лепшай адаптацыяй СНД", - перакананы Прэзідэнт.