11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Міністэрстве замежных спраў Беларусі сёння адбылася цырымонія падпісання пратакола паміж урадамі Беларусі і Кубы да Пагаднення аб узаемных пастаўках ад 24 чэрвеня 2014 года, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства.
З беларускага боку дакумент падпісаў намеснік кіраўніка МЗС Яўген Шэстакоў, з кубінскага - Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Херарда Суарэс Альварэс.
Як адзначылі ў прэс-службе, рэалізацыя міжурадавага пагаднення аб узаемных пастаўках накіравана на пашырэнне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін, развіццё і ажыццяўленне ўзаемнага абмену таварамі для забеспячэння сельскай гаспадаркі, прамысловасці і аховы здароўя, эканамічнай кааперацыі паміж беларускімі і кубінскімі суб'ектамі гаспадарання.
Падпісанне пратакола дасць магчымасць бакам пашырыць пералік пастаўляемых тавараў і аператыўна вырашаць пытанні адгрузкі сельскагаспадарчай і аўтамабільнай тэхнікі і запасных частак да яе ў Кубу і высокаэфектыўных біятэхналагічных лекавых сродкаў кубінскай вытворчасці ў Беларусь, а таксама забяспечыць паўнату i своечасовасць разлікаў.